«Кацюшы» супраць

Галоўнымі публічнымі апанентамі «Шляху дадому» стаў жаночы патрыятычны рух «Кацюша», удзельніцы якога падтрымліваюць расійскае войска і называюць сябе дочкамі афіцэраў. Медыйная актыўнасць «Кацюшы» супала з ростам папулярнасці і цікавасці да «Шляху дадому».

У лістападзе ў сваім тэлеграм-канале праваенныя актывісткі апублікавалі відэа, на якім жанчыны з розных гарадоў угаворваюць жонак і сваячак мабілізаваных «не паддавацца на правакацыі» і не пратэставаць. У апісанні да роліка гаворыцца, што «збеглыя экстрэмісты» і «заходнія спецслужбы» рукамі жонак вайскоўцаў падрываюць давер да ўлады і «настойліва штурхаюць іх на злачынства».

Удзельніцы праваеннага руху сцвярджаюць, што яны падтрымліваюць Уладзіміра Пуціна. Іх вобраз «правільных жонак» актыўна выкарыстоўвалі ў сваіх выпусках і матэрыялах прапагандысцкія федэральныя і рэгіянальныя СМІ.

У дачыненні да праціўнікаў вайны «Кацюшы» выкарыстоўваюць класічныя антызаходнія прыёмы расійскай прапаганды: напрыклад, у жніўні 2022 года яны адправілі лідарам краін Еўрасаюза дзесяць медалёў «за адраджэнне фашызму».

У руху актыўна ўдзельнічаюць каля 15 расіянак і жыхарак анексаваных тэрыторый Украіны. Часцей за ўсё ў прапагандысцкіх СМІ выступаюць Валянціна Бельчанка з Белгарада, Анастасія Грыдасава, якая пераехала з Горлаўкі ў Севастопаль, і прэс-сакратарка «Кацюшы» Кацярына Абразцова.

Старонкі амаль усіх актыўных удзельніц руху ў сацсетках зачыненыя. Ці з'яўляюцца яны рэальнымі сваячкамі вайскоўцаў, «Холоду» высветліць не ўдалося. Старонкі бацькоў удзельніц «Кацюшы» ніяк не сведчаць пра тое, што актывісткі руху — члены сем'яў вайскоўцаў.

Інфармацыі пра фінансаванне «Кацюшы» ў адкрытых крыніцах няма. Арганізацыя імкнецца рабіць выгляд, што існуе на ахвяраванні расійцаў. Зборам данатаў займаецца, напрыклад, 20-гадовая жыхарка Севастопаля Даніэла Пласкіна. Афіцыйная мэта збораў — дапамога расійскім вайскоўцам, збор таксама ідзе ў пабліках у «ВКонтакте» і ў тэлеграме.

Адной з крыніц фінансавання руху выступае Інстытут развіцця інтэрнэту (ІРІ) — адна з галоўных расійскіх арганізацый, якія адказваюць за размеркаванне дзяржаўных сродкаў на вытворчасць «патрыятычнага» кантэнту. «Кацюша» атрымлівае фінансаванне ІРІ на вытворчасць прапагандысцкіх «дакументальных» фільмаў: з моманту стварэння пабліка ў ім рэгулярна выходзяць інтэрв'ю з вайскоўцамі і валанцёрамі, якія дапамагаюць расійскай арміі на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Акрамя «Шляху дадому», пад прэс з боку «Кацюшы» трапляла іншая арганізацыя — «Рада маці і жонак», якая таксама спрабавала дамагчыся сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, аднак пазней была прызнаная «замежным агентам» і летам 2023 года спыніла сваю дзейнасць. 

Z-дэфіле

У пачатку 2023 года «Адзіная Расія» запусціла праект «Жаночы рух». Яго ўзначалілі дэпутатка Дзярждумы Наталля Палуянава, сенатаркі Дар'я Лантратава (ад самаабвешчанай «ЛНР») і Галіна Карэлава (ад Варонежскай вобласці).

У апісанні руху гаворыцца, што «працяглая барацьба жанчын за раўнапраўе прывяла да пэўных зменаў грамадскай свядомасці ў поглядах на сацыяльна-палітычную ролю жанчыны, але, нягледзячы на гэта, фактычнае раўнапраўе да гэтага часу не дасягнута». Гэта значыць, «Жаночы рух» пазіцыянуе сябе як праект па абароне і пашырэнню правоў жанчын.

Удзельніцы праекта актыўна падтрымліваюць вайну ва Украіне і жадаюць сем'ям вайскоўцаў «цярпення і мудрасці». У пастах руху распавядаецца пра жанчын, якія плятуць маскіровачныя сеткі, збіраюць гуманітарную і вайсковую дапамогу расійскім вайскоўцам.

Праект «Адзінай Расіі» разлічаны на рэгіёны, за што яго актыўна хваляць і прасоўваюць губернатары. Напрыклад, у снежні ў Ханты-Мансійску прайшло дэфіле пад назвай «Чакаю. Кахаю. Югра». Жонак, дачок і маці расійскіх вайскоўцаў апранулі ў дызайнерскае адзенне ў стылі мілітары, у тым ліку з Z-нашыўкамі.

Фінансаванне руху з высокай доляй верагоднасці робіцца з партыйнага бюджэту — на сайце «Адзінай Расіі» для «Жаночага руху» ёсць цэлы раздзел, у якім удзельніцы даюць справаздачу аб праведзенай працы.

«Павучкі-чараўніцы»

Недастатковае камплектаванне расійскай арміі справакавала сапраўдны бум патрыятычных рухаў, якія імкнуцца на валанцёрскіх пачатках дапамагаць салдатам. Сярод іх — супольнасці, якія плятуць маскіровачныя сеткі для вайскоўцаў. Ва «ВКонтакте» можна знайсці больш за 200 паблік, прысвечаных пляценню сетак. Большасць удзельніц супольнасцяў — жанчыны.

Адзінага кіраўніцтва ў гэтых супольнасцяў няма: яны раскіданыя па ўсёй краіне і прадстаўленыя амаль у кожным рэгіёне.

Адна з такіх супольнасцяў у жніўні 2023 года напісала данос на жыхарку Краснадара Алену Кукушкіну і яе дачку Вольгу Гаўрыну. Яны падышлі да жанчын, якія спрабавалі выгнаць падлеткаў, якія гулялі ў баскетбол, каб плесці маскіровачныя сеткі на дзіцячай пляцоўцы. Алена і Вольга папрасілі суседак даць дзецям месца для гульняў. У адказ тыя сказалі, што іх мужы і сыны ваююць і што 14-гадовыя падлеткі таксама могуць адправіцца на фронт.

Жанчыны, якія прыйшлі плесці маскіровачныя сеткі на пляцоўку, аказаліся ўдзельніцамі валанцёрскай ініцыятывы «Бумеранг дабра». У чаце, дзе яны называлі сябе «павучкамі-чараўніцамі», яны распаўсюдзілі відэа канфлікту і папрасілі максімальнай агалоскі на ўсю краіну.

Актывісты Руху абвінавацілі суседзяў у тым, што тыя нібыта сімпатызуюць Украіне, і назвалі іх «бандэраўкамі». Пасля выкладання ў агульны доступ спасылкі на старонку Вольгі Гаўрынай і яе нумара тэлефона прыхільнікі вайны пакінулі на яе сцяне некалькі сотняў каментароў з праклёнамі. Невядомыя тэлефанавалі ёй і пагражалі забойствам, звальненнем, згвалтаваннем, абезгалоўліваннем і нават «кувалдаваннем».

У выніку супраць Алены Кукушкінай завялі адміністрацыйную справу па артыкуле аб дыскрэдытацыі арміі, а рэакцыі на шматлікія пагрозы і абразы ў яе адрас з боку праваахоўных органаў так і не было.

Ціск на праціўнікаў бестэрміновай мабілізацыі ў Расіі ў найбліжэйшы час, верагодна, будзе толькі нарастаць. Прадстаўнікі «Шляху дадому» нядаўна расказалі, што расійскія ўлады цяпер ціснуць не на жонак, а на саміх мабілізаваных: да іх прыходзяць прадстаўнікі ФСБ, пагражаюць і патрабуюць, каб іх жонкі і сваякі перасталі пратэставаць.

Чытайце таксама:

«Ідзіце на фронт самі і памрыце самі». «Шлях дадому» апублікаваў зварот мабілізаванага да Пуціна

«Я губляю маладосць, нашыя мужыкі губляюць жыцці». Жонкі расійскіх мабілізаваных надзяваюць белыя хусткі і працягваюць пратэсты

Тэлеграм-канал жонак мабілізаваных атрымаў плашку Fake пасля атакі прапагандыста Салаўёва і праўладнага сумнавядомага юрыста

«Нас на*балі і вас на*буць». Жонкі мабілізаваных РФ апублікавалі жорсткую петыцыю. Але ёсць нюанс

Клас
7
Панылы сорам
9
Ха-ха
15
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
21