Вясковая дзяўчынка Параска пасвіла неяк чужых авечак на пагорку. Неба зацягнулася хмарамі, грымнула страшная навальніца. Дзіця схавалася пад дзікую грушку, што расла ў полі. Ды галіны дрэва не закрылі небараку ад халоднага дажджу. Малая пастушка прамокла, скалела, і такая журба яе агарнула, што стала яна горка плакаць, маліцца Святой Багародзіцы, расказваць пра сваю горкую сірочую долю.

Тады і з’явілася беднай сіраце Божая Маці, каб суцешыць яе і прадказаць шчаслівае жыццё. Да таго ж, ад нараджэння Параска кепска бачыла, а тут ёй вярнуўся зрок. Было гэта недзе ў 1899-1900 гадах, расказвае гісторыю «Звязда».

Дзяўчынка прыбегла ў вёску ўзрадаваная, прасветленая, расказала людзям пра тое, што здарылася, і ёй паверылі. Вяскоўцы пацягнуліся да дзічкі, і неўзабаве там сталі адбывацца цуды. Ёсць шмат гісторый на гэты конт. Расказвалі, напрыклад, пра маленькага хлопчыка, які да трох гадоў не хадзіў, яго прынесла маці да грушкі, доўга і горача малілася. А калі, стомленая, сабралася ісці дадому, паклікала сына залазіць на плечы, ён сказаў, што сам пойдзе. І пайшоў ножкамі. Пра другую жанчыну казалі, што яна несла крыж да грушы аж ад самай вёскі, рукамі выкапала пад яго яму, замацавала крыж, малілася пад ім, і дачка яе выздаравела.

Пагалоска пра цудоўную грушку пайшла па ўсёй ваколіцы, а мясціну сталі называць Грушкай альбо Святой Грушкай. Людзі неслі крыжы і маліліся за сваіх родных, якія хварэлі. Калі пачалося масавае паломніцтва, станавы прыстаў распарадзіўся ссекчы грушу, але людзі не далі. Больш за тое, грамада вырашыла сабраць грошы і паставіць побач царкву. Ужо і будаўнічы матэрыял падрыхтавалі, ды здарылася Першая сусветная вайна. Дрэва тым часам расло, убіралася ў сілу. Але за польскім часам нехта выкупіў зямлю побач і ўсё ж такі зрэзаў грушу. Толькі яна зноў узрасла на тым жа месцы.

Людзі палічылі, што гэта знак. І перад самай вайною, у пачатку 40-х, ва ўрочышчы Грушка была ўзведзена драўляная капліца на каменным падмурку. Пад грушай устанавілі абраз Успення Прасвятой Багародзіцы. У дзень Успення Прасвятой Багародзіцы (28 жніўня) да святога месца здзяйсняліся масавыя шэсці. Людзі пакланяліся Божай Маці, прасілі заступніцтва і благаславення. А на крыжах былі занатаваны даты іх устаноўкі — пачынаючы з 1910 да 1953 года.

Але ў 50-я гады ва ўлады дайшлі рукі і да Грушкі. У архівах знайшоўся дакумент за 1960 год, у якім упаўнаважаны па справах рэлігіі па Брэсцкай вобласці рапартаваў: «Праведзеная значная работа па ліквідацыі так званых «святых месцаў» — «Грушка» Высокаўскага раёна (цяпер Камянецкі раён) і іншыя, куды раней здзяйсняліся паломніцтвы вернікаў».

У сем гадзін раніцы трагічнага дня пачалі і да дванаццаці дня не засталося ні грушы, ні капліцы, ні крыжоў. Зямлю аддалі пад ворыва, пасеялі сельгаскультуру. Але што цікава, тутэйшыя трактарысты ніколі не аралі зямлю, дзе расла груша. У кожнага ж былі жонка, маці, якія строга наказвалі зямлю ў тым месцы не чапаць. І праз некалькі гадоў дрэўца зноў адрасло са старога карэння. Людзі, як і раней, панеслі крыжы, пайшлі з малітвамі да Грушкі. З часам на ранейшым месцы з’явілася каля дзвюх соцень крыжоў.

Чарговая ліквідацыя прайшла 9 чэрвеня 1980 года. Частку крыжоў адправілі на паліва ў мясцовыя школу і бальніцу, другую частку адвезлі ў лес і кінулі там. А ў вёсцы сталі заўважаць, што тыя, хто займаўся знішчэннем святога месца, сталі паміраць заўчасна: адзін на балоце загінуў, другі ў калодзеж упаў, трэці наогул рукі на сябе налажыў.

Гісторыя славутасці

Але грушка і на гэты раз вырасла, і людзі зноў пайшлі да яе. 

І цяпер ва ўрочышчы Святая Грушка стаяць сотні крыжоў. Іх устанаўліваюць ад свайго імя, нават ад імя прадпрыемстваў і арганізацый, павязваюць рознакаляровымі стужкамі. У 2012 годзе побач з вядомым дрэвам была пабудавана і асвечана невялікая царква. Кожны год, 27 жніўня, напярэдадні Успення Прасвятой Багародзіцы, сюды прыязджаюць святары, служаць малебен. З усіх навакольных вёсак ідуць паломнікі, каб папрасіць у Божай Маці здароўя і заступніцтва, працягнуць традыцыю шанавання месца, дзе яна з’явілася дзіцяці.

Некалькі гадоў таму «Традыцыя паломніцтва і пакланення «Грушка» была ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны.

Чытайце таксама:

У Полацку распачалося будаўніцтва на тэрыторыі старажытнага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра

У Стоўбцах аднавілі браму касцёла, знішчанага саветамі

У Кобрыне турыстычныя маршруты распрацоўваюць нейрасеткі

Клас
41
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
0