Уладзімір Паўлоўскі, прэтэндэнт на месца ў Палаце прадстаўнікоў. Фота: zviazda.by

«Прыхільнікаў Лукашэнкі нашмат больш»

Уладзіміру Паўлоўскаму цяпер 29 гадоў, столькі, колькі Лукашэнка пры ўладзе. Што да ўзросту, то ў Палату прадстаўнікоў траплялі і маладзейшымі.

Напрыклад, Марыі Васілевіч было 22 гады, калі яна «размяняла» карону «Міс Беларусь-2018» на дэпутацкае пасведчанне. Васілевіч запомнілася тым, што ў 2020 годзе наведала шпіталь і выбачылася перад пацярпелымі ад гвалту сілавікоў.

Ад Паўлоўскага такога ўчынку чакаць не выпадае, хіба толькі, калі загадаюць.

Для яго Лукашэнка — «сапраўды нацыянальны лідар», які заступаецца за беларускі народ.

26 жніўня 2020 годзе малады ідэолаг быў на мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі. На яго звозілі ўдзельнікаў з усёй краіны, але абяцанай колькасці ў сотні тысяч удзельнікаў сабраць не ўдалося.

«Пакуль Аляксандр Лукашэнка быў заняты справай, прыкладаючы ўсе сілы, каб вырашаць найважнейшыя пытанні, хаця б узяць складаную сітуацыю з каранавіруснай інфекцыяй, іншыя проста посцілі ўсялякія фэйкі ў сацыяльных сетках, фінансавалі мітынгі і плацілі людзям за тое, каб тыя выходзілі на вуліцы», — казаў магілёўскі бэрээсэмавец.

На прапагандысцкіх фота Уладзімір Паўлоўскі нярэдка з'яўляецца з сямʼёй. Паўлоўскі з жонкай і дачкой злева. Фота: mogilev-region.gov.by

На прапагандысцкіх фота Уладзімір Паўлоўскі нярэдка з'яўляецца з сямʼёй. Паўлоўскі з жонкай і дачкой злева. Фота: mogilev-region.gov.by

Паводле Паўлоўскага, прыхільнікам Лукашэнкі не варта плаціць, каб яны сабраліся і падтрымалі яго. 

У далейшым лукашэнкаўцы абяцалі правесці мегамітынг, але ўсё ж не наважыліся. Лукашэнка казаў пра 300 тысяч удзельнікаў.

У тым жа, 2020-ым, Паўлоўскі заклікаў магілёўцаў выйсці на праўладны мітынг «За бацьку» і за любімую, якую не аддаюць. На яго таксама звозілі ўдзельнікаў усё вобласці. 

Спасылаючыся на Лукашэнку, Паўловіч даводзіў, што супраць Беларусі вядзецца гібрыдная вайна, якую, магчыма, не заўважаюць абывацелі.

«Ад большасці абмежаванняў пацерпіць найперш просты народ», — страшыў ён у 2021 годзе.

«У нас канкурэнцыі і апанентаў, я б сказаў, няма»

Уладзімір Паўлоўскі працуе намеснікам генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і быту Магілёўскага мясакамбіната, дзе доўгі час выкрывалі карупцыянераў.

Былы функцыянер БРСМ займае гэту пасаду з 2022 года.

У Палаце прадстаўнікоў ён збіраецца засядаць як вылучэнец чатырох раёнаў Магілёўшчыны: Горацкага, Дрыбінскага, Мсціслаўскага і Чавускага.

Паўлоўскі нарадзіўся ў вёсцы Малькі Горацкага раёну. Калі яму было тры гады бацькі трагічна загінулі. Выхоўвала яго сям’я дзядзькі.

Уладзімір Паўлоўскі па пасадзе кіраўніка абласной арганізацыі БРСМ. Фота: mogilev-region.gov.by

Уладзімір Паўлоўскі па пасадзе кіраўніка абласной арганізацыі БРСМ. Фота: mogilev-region.gov.by

У гутарцы з чытачом «Нашай Нівы» Паўлоўскі не прамінуў адзначыць, што Горацкі раён — яго малая радзіма.

Ён настойваў, што мае «немалы жыццёвы шлях» і дастаткова кампетэнцый, каб прадстаўляць інтарэсы землякоў.

Асноўны ж пасыл яго выбарчай праграмы, каб «як мінімум усе людзі выбарчай акругі былі ў роўных умовах».

Паўлоўскі не стаў тлумачыць, што мае на ўвазе.

Паводле яго, дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ён здаў і цяпер чакае рашэння.

БРСМавец Паўлоўскі не стрымаўся, каб пахваліцца, як выглядае з міліцэйскім пісталетам. Фота: сацыяльныя сеткі

БРСМавец Паўлоўскі не стрымаўся, каб пахваліцца, як выглядае з міліцэйскім пісталетам. Фота: сацыяльныя сеткі

Прадстаўнік маладога пакалення наменклатуры балатуецца ў лукашэнкаўскі парламент як сябра кішэннай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Яго абранне мусіць засведчыць шматпартыйнасць Палаты прадстаўнікоў.

Спарынг-партнёрам для Паўлоўскага зрабілі дырэктарку бібліятэчнай сеткі Чавускага раёна Алену Максімовіч. Яна вылучэнка партыі «Белая Русь».

Паўлоўскі запэўнівае, што гэтыя дзве партыі не канкуруюць адна з адной.

«У нас канкурэнцыі і апанентаў, я б сказаў, няма. Мы ўсе ў адным ключы працуем», — адзначае ён і раіць паслухаць, што кажа пра партыйнае ўладкаванне ў цяперашняй Беларусі Лукашэнка.

Быў дружыннікам

Сяргей Паўлоўскі прайшоў праверку службай у БРСМ.

Тры гады займаў пасаду першага сакратара абкаму гэтай дзяржаўнай маладзёжнай арганізацыі, якая даўно ў народзе завецца «лукамолам».

Паўлоўскі засядаў у Моладзевым парламенце пры Палаце прадстаўнікоў і старшыняваў у камісіі па пытаннях экалогіі і прыродакарыстання ў Моладзевай палаце парламенцкага схода саюзу Беларусі і Расіі.

Знаёмыя Паўлоўскага кажуць, што ён умее «правільна» гаварыць.

У сваіх выступах не прамінае згадваць «патрыятызм» і «неабходнасць аб’яднацца перад пагрозамі». Іх тлумачэнні найчасцей размытыя.

«Сёння грамадства сутыкаецца з новымі выклікамі і пагрозамі, і вельмі важна выхоўваць любоў да Айчыны і свайго народа, імкненне служыць іх інтарэсам», — даводзіў наменклатурнік два гады таму.

Уладзімір Паўлоўскі хваліцца нагрудным знакам «За адзнаку ў ахове грамадскага правапарадку». Фота: zviazda.by

Уладзімір Паўлоўскі хваліцца нагрудным знакам «За адзнаку ў ахове грамадскага правапарадку». Фота: zviazda.by

Паводле адукацыі ідэолаг мясакамбіната — фізік-матэматык. Ён выпускнік факультэта матэматыкі і прыродазнаўства магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова. 

У 2022 годзе БРСМавец хваліўся, што падчас вучобы ў складзе моладзевага атрада «Сокал» дапамагаў міліцыі лавіць злачынцаў» і мае нагрудны знак «За адзнаку ў ахове грамадскага правапарадку». Паводле яго словаў, такая дзейнасць выхоўвае патрыятызм.

Былыя аднакурснікі кажуць, што Паўлоўскі, ходзячы з міліцыяй у рэйды, больш пантаваўся, чым дапамагаў, а ў моладзевым асяроддзі станавіўся аб'ектам для кпінаў. На іх бээрэсэмавец стараўся не зважаць, але не заўжды выходзіла. Тады пагражаў разабрацца.

Лукашэнкавец актыўны ў сацыяльных сетках. Разам з сямейнымі фоткамі выкладае здымкі з прапагандысцкіх мерапрыемстваў.

Не забывае знайсці месца ў альбоме і Лукашэнку.

«Люблю BY, жонку і дачку», — напісана ў яго інстаграме.

Такі Уладзімір Паўлоўскі па-за дзяржаўнай службай. Фота: сацыяльныя сеткі

Такі Уладзімір Паўлоўскі па-за дзяржаўнай службай. Фота: сацыяльныя сеткі

Глядзіце таксама:

Васілевіч, Давыдзька, Савіных — хто з дэпутатаў Палаты не ідзе на перавыбары

Каго паставяць спікерам Палаты прадстаўнікоў замест спісанага Андрэйчанкі?

«Лукашэнку люблю ўсім сваім сэрцам». Хто такая Віталіна Петрусевіч, якая стала тварам прапагандысцкіх фільмаў магілёўскага тэлебачання

Самы малады кандыдат у дэпутаты — 23-гадовая дзяўчына ад партыі Гайдукевіча ФОТА

Што абяцаў Лукашэнка 20 гадоў таму

Клас
4
Панылы сорам
13
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
16

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?