Аляксандр Жадан Александр Жадан Aleksandr Zhadan

Аляксандр Жадан і яго дзяўчына Карына. Фота: @biblikz / X (Twitter)

Пра свой вопыт пошуку дзяўчыны Аляксандр Жадан распавёў у твітары. Год таму ён стаў вядомы тым, што абараніў дыпломную работу, напісаную з дапамогай ChatGPT.

Але на гэтым яго эксперыменты не спыніліся. Аляксандр вырашыў выкарыстаць магчымасці штучнага інтэлекту для пошуку дзяўчыны. На гэты крок ён пайшоў пасля таго, як разышоўся з папярэдняй дзяўчынай, з якой меў адносіны на працягу двух гадоў.

Як піша хлопец, праз некалькі месяцаў ён зразумеў, што хоча новых адносін. У той жа час усведамляў, што не хоча марнаваць час і адчуваць сябе некамфортна з новай дзяўчынай. Для пошуку ён выкарыстоўваў Tinder. Пасля пары тыдняў перапіскі ён хадзіў на спатканні, аднак яны заходзілі ў тупік.

«Ускрываліся характэрныя мінусы (шмат п'е, ёсць скаванасць, эмацыйныя арэлі). Так, гэта пачатковае ўражанне, але мяне адштурхоўвала», — дзеліцца Аляксандр.

У выніку ён вырашыў выкарыстаць магчымасці GPT. У 2022 годзе, калі яшчэ не было ChatGPT, ён з сябрам атрымаў доступ да API GPT-3. Праз сістэму з дапамогай скрыпта адсылаліся паведамленні ў Tinder.

Па скрыпце таксама адбываўся пошук дзяўчат. Пры гэтым асноўным было патрабаванне наяўнасці хаця б двух здымкаў у профілі. Скрыпт адбіраў профілі і лайкаў іх. З 50 аўталайкаў атрымалася 18 мэтчаў (на лайк хлопца дзяўчаты таксама ставілі свой). Па правілам Tinder мэтч дазваляў профілям перапісвацца.

Аляксандр Жадан Александр Жадан Aleksandr Zhadan

Прататып сістэмы пошуку дзяўчыны. Фота: @biblikz / X (Twitter)

Як піша Жадан, GPT камунікаваў з дзяўчатамі без яго ўдзелу па запыце «ты хлопец, камунікуеш з дзяўчынай упершыню. Твая задача: не адразу, але запрасіць яе на спатканне».

Але першы вопыт аказаўся правальным. Пасля некалькіх дыялогаў перапіска спынялася, бо, як піша хлопец, «на трэцім-чацвёртым паведамленні GPT клікаў на спатканне ў лес».

Да таго ж GPT-3 не памятаў перапіскі. Пасля першых 5 паведамленняў ён паўтараў пытанні, на якія ўжо былі атрыманыя адказы. У выніку з 18 дзяўчат 13 «адразу заігнорылі», 5 — працягнулі перапіску. Рэкорд дайшоў да 10 паведамленняў. Але да спаткання так і не дайшло. Давялося дапрацаваць скрыпт, каб сістэма памятала папярэднія паведамленні.

Першая версія сістэмы

Значныя змены адбыліся з выхадам ChatGPT. Аляксандр навучыў сістэму на сваіх дыялогах, каб яна пісала максімальна падобна да яго стылю. Таксама ён паставіў фільтр на тое, каб яна не пісала нічога лішняга.

Акрамя гэтага, хлопец настроіў адсеў дзяўчат па візуальных даных з дапамогай пакета Torchvision. Ён навучыў сістэму паспяхова падбіраць неабходных дзяўчат на падставе 4 тысяч свайпаў з іншага свайго акаўнта ў Tinder.

Сістэма падбору дзяўчыны. Відэа: @biblikz / X (Twitter)

У выніку атрымалася дасягнуць амаль тысячы ўзаемных лайкаў. Хлопец зрабіў фільтр, які дазволіў адсейваць дзяўчат па некалькіх параметрах: без анкет, менш за 2 здымкі, верніцы, беспрацоўныя, з пазнакай знаку задыяка і гэтак далей.

Пошук стаў больш якасным. З некаторымі дзяўчатамі Аляксандр пераводзіў перапіску ў тэлеграм. Там ён сам дамаўляўся аб сустрэчах, напярэдадні якіх прасіў ChatGPT зрабіць кароткае рэзюмэ перапіскі і стварыць характарыстыку дзяўчыны.

Як піша хлопец, з некаторымі ён працягваў камунікаваць без дапамогі штучнага інтэлекту, але гэта не давала патрэбных вынікаў. Як ён піша,

«дзяўчаты паводзілі сябе дзіўна, сыходзілі ў ігнор ці па перапісцы мяне нешта насцярожвала».

Аляксандр Жадан Александр Жадан Aleksandr Zhadan

Схема першай версіі. Фота: @biblikz / X (Twitter)

Акрамя гэтага, першая версія, якая працавала па запыце «знайсці найлепшую, падтрымліваць адносіны», мела шмат недапрацовак. Напрыклад, магла прызначыць спатканні ў аднолькавы час, абяцала дарыць шакалад ці кветкі, а ён пра гэта не ведаў і прыходзіў на спатканне без падарунка.

Другая версія

Для таго, каб палепшыць працэс, давялося распрацаваць новую версію. У яе быў інтэграваны гугл-каляндар і тэлеграм, базы даных падзеленыя на агульную і асабістую, размяжоўваліся ўзроўні даверу, фота распазнаваліся па FlutterFlow.

Новая версія працавала на GPT-4, што, па словах Жадана, значна палепшыла перапіску. Таксама атрымалася працягнуць перапіску з папярэднімі дзяўчатамі, сустракацца і проста камунікаваць.

Як распавядае хлопец, для паляпшэння пошуку ён папрасіў дапамогі ў звычайнага ChatGPT. Сістэма параіла яму распавесці пра сваё дзяцінства, бацькоў, мэты і каштоўнасці. Гэтыя звесткі ён загрузіў у сваю распрацоўку, што палепшыла пошук па сумяшчальнасці.

Аляксандр Жадан Александр Жадан Aleksandr Zhadan

Схема другой версіі сістэмы. Фота: @biblikz / X (Twitter)

У далейшым Аляксандр напісаў бот для тэлеграма, праз які праходзіла валідацыя паведамленняў, створаных штучным інтэлектам, на вычытку.

У выніку праведзеных дапрацовак другая версія атрымалася без розных «галюцынацый». За месяц атрымаліся 4943 узаемныя лайкі і «страшна палічыць, колькі сустрэч». Пасля 1-3 спатканняў хлопец разумеў, ці жадае працягваць камунікацыю.

Як распавядае Аляксандр, аднойчы ён на некалькі тыдняў скараціў перапіску і сустрэчы да 4 дзяўчат адначасова. Астатніх пакінуў у статусе знаёмых ці паставіў адказы на паўзу. У выніку з трыма ён застаўся ў добрых адносінах, а з адной — Карынай — у сурʼёзных. У выніку неабходнасць у боце прапала. Да таго ж, у гэты час з Расіі сыходзіў Tinder.

Трэцяя версія

Але хлопец вырашыў напісаць трэцюю версію сваёй сістэмы, каб падтрымліваць адносіны ўжо толькі з Карынай. У гэтай версіі бот пісаў за гаспадара ў выпадках, калі ён доўга не адказваў, і даваў парады, як лепш камунікаваць.

Як адзначае Жадан, Карына была сярод тых дзяўчат, з якімі камунікавала яшчэ яго першая версія. Таму вельмі добра, што другая версія змагла працягнуць перапіску.

Аднойчы сістэма на падставе перапіскі з Карынай прапанавала хлопцу ажаніцца з ёй.

Аляксандр Жадан Александр Жадан Aleksandr Zhadan

Рэкамендацыя сістэмы зрабіць прапанову дзяўчыне. Фота: @biblikz / X (Twitter)

У асобным ChatGPT хлопец папрасіў падрыхтаваць план дзеянняў з некалькімі сцэнарамі для таго, каб дзяўчына прыняла прапанову выйсці замуж. У выніку ўсё атрымалася.

Як піша Аляксандр, на распрацоўку праекту сышло каля 120 гадзін і 1432 даляры на сістэму API. На рахункі ў рэстаранах — да 200 тысяч расійкіх рублёў.

Для таго, каб неяк манетызаваць сваю распрацоўку, Аляксандр прыдумаў збіраць даныя дзяўчат і рэкамендаваць іх на вакансіі працадаўцаў. Так яму атрымалася ўладкаваць 8 сваіх знаёмых і зарабіць больш за паўмільёна расійскіх рублёў. Як піша хлопец, на гэтым можна было зрабіць стартап, але ён пераключыўся на больш перспектыўны праект.

Па словах Жадана, калі б яму давялося знаёміцца самому і хадзіць на сустрэчы, то на гэта сышло б як мінімум 5 гадоў і каля $150 тысяч.

«Дзякуй GPT за эканомію грошай і часу», — завяршае свой аповед Аляксандр.

Чытайце яшчэ:

Гісторыя аднаго знаёмства ў тындары, якое скончылася праектам пра кіно

ChatGPT цяпер здольны размаўляць з кожным чалавекам. Наколькі добра нейрасетка гаворыць на беларускай?

«Другога такога проста не вытрымаю». Няўдалыя першыя спатканні вачыма хлопцаў

Клас
7
Панылы сорам
17
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
1