Прыкметны дыялог з нарады па прыродных рэсурсах апублікаваў канал СТБ. Чыноўнікі нясмела намякаюць на эканамічную бессэнсоўнасць новага праекта, на якім настойвае Лукашэнка.

Андрэй Худык, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі распавядае, што ёсць праект здабычы базальту:

— 250 тысяч тон — я думаю, з яго мы пачнем — здабычы базальту, па якасці аналагічны ўкраінскім, якія закупляліся да гэтага часу…

Аляксандр Лукашэнка:

— Калі ўбачым ваш базальт?

Андрэй Худык:

— Я мяркую, у наступным годзе.

Аляксандр Лукашэнка:

— Можа, нехта адкажа на гэтае пытанне? Міністр сядзіць. Калі вы гэты базальт выкарыстоўваць будзеце? Ён жа заўтра прывязе вам яго!

Руслан Пархамовіч, міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі:

— Аляксандр Рыгоравіч, базальт, па-першае, трэба дастаць — ён ляжыць на глыбіні 60 метраў. Неабходна яшчэ, скажам так…

Аляксандр Лукашэнка:

— Капаць трэба, пілаваць, яшчэ чагосьці…

Руслан Пархамовіч:

— Я не магу пацвердзіць такую аптымістычную ацэнку. Мусіць, толькі да 2026 года, не раней.

Раман Галоўчанка, прэмʼер-міністр Беларусі:

— Інвестыцыйныя выдаткі па гэтым праекце ацэньваюцца да мільярда долараў…

Аляксандр Лукашэнка:

— Што, для таго, каб 60 метраў раскапаць, трэба мільярд долараў?

Раман Галоўчанка:

— Гэта не толькі раскапаць, то-бок пабудаваць усю інфраструктуру…

Аляксандр Лукашэнка:

— Ну, падарваць трэба…

Раман Галоўчанка:

— … і ўзбагачэнне базальту.

Аляксандр Лукашэнка:

— Трэба — так капайце. Што вы ўсё пакутуеце — мільярд долараў! Можа, усё ж 800 мільёнаў?

Раман Галоўчанка:

— Можа быць…

Базальтавае валакно — ізаляцыйны матэрыял, які выкарыстоўваюць у будаўніцтве. Па сваіх параметрах базальтавае валакно значна лепшае за звычайнае шкловалакно. Больш экалагічнае, надзейнае і даўгавечнае. І толькі па адным параметры горшае. Базальтавае валакно значна даражэйшае. І таму выкарыстоўваюць яго толькі тыя, хто можа сабе гэта дазволіць, піша «План Б».

У 2022 годзе, даводзіць выданне, увесь сусветны рынак базальтавага валакна складаў 285 мільёнаў долараў.

Па аптымістычных ацэнках, да 2027 года, калі новы беларускі праект якраз запрацуе, сусветны попыт можа вырасці да 517 мільёнаў долараў. Па менш аптымістычных будзе крыху менш за 500 мільёнаў да 2030 года.

Такім чынам, піша выданне, ідэя новага мегапраекта складаецца ў тым, каб выдаткаваць на яго мільярд долараў дзеля долі на рынку, увесь абʼём якога будзе ў два разы меншы.

Чытайце таксама:

У Мінску з'явяцца новыя трамваі

Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў на «Атлант» і «БЕЛАЗ»

«Дзякуй за тыя «БелАЗы». У Крывым Рогу расказалі, як БелАЗы дапамаглі адбіць расійскі наступ

Клас
7
Панылы сорам
49
Ха-ха
76
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
7