Касметычныя змены ў выбарчым заканадаўстве дазволілі прадстаўнікам розных палітычных сіл назіраць за выбарчым працэсам. Зараз адбываеца рэгістрацыя прадстаўнікоў палітычных партый і рухаў у склад выбарчых камісій.
«НН» даведалася аб планах Руху «За Свабоду», АГП і партыі «Справядлівы свет».
«Мы не абмяжоўваемся Рухам. Звярнуліся да вядомых праваабаронцаў і юрыстаў. Іх кваліфікацыя не выклікае сумнёву. Такім людзям будзе складаней адмовіць у рэгістрацыі»
– зазначаюць прадстаўнікі Руху «За Свабоду». На сёння ў Мінску пададзеныя дакументы на рэгістрацыю 6 асобаў, рыхтуюцца паперы яшчэ 4 асобаў. Юры Губарэвіч адзначыў, што ўсяго па Беларусі на першым этапе Рух плануе ўключыць у склад выбарчых камісій да 50 чалавек.

Валеры Ухналёў з партыі «Справядлівы свет» адзначае, што плануецца ўключыць у склад выбарчых камісій розных узроўняў 30 чалавек. Прычым Мінск будзе ахоплены цалкам, так як у сталіцы партыя разлічвае на найбольш актыўную выбарчую кампанію. У рэгіёнах «Справядлівы свет» найбольшую актыўнасць праявіць у Віцебску і Брэсце – 6 і 7 прадстаўнікоў адпаведна.

АГП на сённяшні дзень падала 17 заяў на ўключэнне сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі – гарадскія і абласныя.

«Мы рабілі націск на вядомых прадстаўнікоў нашай партыі. Гэта не шараговыя сябры. С.Альфер, В.Карніенка – калі ім адмовяць у рэгістрацыі на падставе недахопу патрэбнага досведу. То гэта будзе проста смешна.
Увогуле, АГП плануе назіраць у першую чаргу за тымі акругамі, па якіх будуць ісці нашыя кандыдаты. У першую чаргу мы зыходзім з нашых патыйных інтарэсаў» – паведамілі «НН» у АГП.

Нагадаем, што на пачатку снежня мінулага года Палата прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла папраўкі ў Выбарчы кодэкс. Згодна новаўвядзеннямі, было замацавана ўключэнне ў склад выбарчых камісій адной трэці прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Выканкамы пазбавіліся права ўключаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, а дзяржаўныя чыноўнікі зараз могуць займаць не больш за адну трэць іх складу.

Суб’екты, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, атрымалі права прысутнічаць на паседжаннях мясцовых выканаўчых камітэтаў і прадстаўнічых органаў пры вырашэнні імі пытанняў стварэння выбаркамаў. Таксама быў спрошчаны парадак вылучэння кандыдатаў, у тым ліку ад палітычных партый. Зараз палітычная партыя можа вылучыць кандыдата па любой выбарчай акрузе, незалежна ад існавання на яе тэрыторыі партыйных структур.

Выбары ў мясцовыя саветы пакажуць, наколькі улады гатовыя дапусціць апазіцыю да рэальнай працы ў складзе выбарчых камісій розных узроўняў. Існуе верагоднасць, што траціну, адведзеную для грамадства ў выбарчых камісіях, зоймуць прадстаўнікі праўладных арганізацый, кшталту «Белая Русь», БРСМ, Беларуская Аграрная партыя, Рэспубліканская партыя, Беларуская патрыятычная партыя і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?