Чытач «НН» Андрэй Мычык праехаў праз Латвію і апісвае ўбачанае. Павучальна!

За памежным КПП Грыгораўшчына—Патарніекі, на першы погляд, тая самая вузкая шаша. Але насамрэч мы ўжо ў Латвіі.

Усходняя яе частка доўгі час уваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Цягам стагоддзяў тут на роўных жывуць латышы, палякі, расійскія стараверы і нашы браткі‑беларусы. Але адчуванне балцкай тоеснасці латышоў выявілася мацнейшым, і ў 1918—1919 гадах народ зрабіў гістарычны выбар на карысць новастворанай дзяржавы — Латвійскай Вольнай Краіны.

Нацыянальная ідэя ўзняла Вольную Краіну з разрухі, стварыла новыя галіны вытворчасці: хімічную, электратэхнічную, аўтамабільную, авіяцыйную… Флагманы латвійскай індустрыі, ВЭФ і РАФ, былі створаны ў тыя часы. Тады ж была пабудаваная Кегумская ГЭС на Даўгаве.

…За вокнамі аўтобуса з’явіўся Даўгаўпілс, па‑беларуску Дзвінск, неафіцыйная сталіца Латгаліі. За ім дарога робіцца шырэйшай. Фуры лятуць скрозь імглу па трасе Даўгаўпілс—Рыга. З цемры раз‑пораз вырынаюць мястэчкі, упрыгожаныя каляднымі гірляндамі з лiхтарыкаў ды яловых лапак. А леваруч ад шашы нясе цёмныя воды Даўгава. Недзе тут змагаўся і загінуў за незалежнасць Латвіі легендарны Лачплесіс.

Вольная Рыга

Прывітанне, Рыга! Labrit, Домская плошча, бульвар Свабоды, Рыжскi замак, Ратушная плошча! Апошняй не было ў 1997‑м, калі я быў тут апошні раз. Нельга надоўга пакідаць людзей, якіх вы любіце, і мясціны, дзе вам добра. Яны мяняюцца.

Рыга мяняецца толькі ў лепшы бок. Корпусы Політэхнічнага інстытута, узведзеныя за савецкім часам, не пасавалі да Старой Рыгі. Цяпер на іх месцы адноўленая Ратушная плошча з ратушай і будынкамі сярэднявечнага Брацтва Чорнагаловых.

Рыжскаму самакіраванню 785 гадоў. У 1225 годзе Рыга ўвайшла ў Ганзейскі саюз, такі сабе правобраз цяперашняга Еўрасаюза. З тых часоў Рыга глядзіць на Балтыку, а ўся яе гаспадарка арыентаваная на экспарт.

Жыхары вольнай Рыгі заўжды імкнуліся адстаяць уласныя інтарэсы, мала зважаючы на меркаванне цэнтральнай улады. Вось і на апошніх выбарах у Рыжскую гарадскую Думу перамагла апазiцыйная да ўрада кааліцыя.

Кааліцыя нацыяналістаў і расійскамоўных

Канфігурацыя ўлады ў Рызе выглядае для беларускага чалавека даволі экзатычна. З аднаго боку, гэта — Цэнтр Згоды, які яднае «расійскамоўныя» партыі і арганізацыі Латвіі, у тым ліку Сацыялістычную, пераемніцу афіцыйна забароненай камуністычнай. З іншага боку, у кааліцыю ўваходзяць Першая партыя Айнарса Шлесерса (лібералы) і Латвійскі Шлях, што трымаецца кансерватыўна‑нацыянальнай ідэалогіі.

Слабасць латвiйскiх партыяў — яны створаныя пад лiдэра. Таму i назвы пазбаўленыя iдэалагiчнай афарбоўкi, напрыклад, Новы шлях, Латвійскi Шлях, Першая партыя, Партыя грамадзянаў, Цэнтр Згоды, Народная партыя i г.д. Практычна ўсе партыi залежаць ад буйнога латвiйскага капiталу. Ёсць бізнэсмены, здольныя ўтрымлiваць адразу некалькi партыяў. У такiх умовах складана правесцi рысу памiж палiтыкай i карупцыяй.

Латвiйская палiтычная сiстэма адлюстроўвае падзел грамадства на дзве супольнасцi: людзей, арыентаваных на заходнiя каштоўнасцi (пераважна латышы), i людзей, арыентаваных на Крэмль (расійскамоўныя).

Цiкава, што заходнiкi падзеленыя на шматлiкiя каалiцыi, тады як усходнікі трымаюцца зацверджаных у Маскве лiдэраў, нават калi тыя не бароняць іх iнтарэсаў. За Цэнтр Згоды галасуюць малазабяспечаныя расійскамоўныя, хаця яго алiгархiчны складнiк яшчэ больш выразны, чым у празаходнiх партыяў.

Толькi 10% «расійскамоўных» падтрымлiваюць латышскiх палiтыкаў. Адпаведна, 10% латышоў давяраюць прамаскоўскiм рухам.

900 даляраў — гэта мала

Структура эканомікі Рыгі за гады незалежнасці не зазнала вялікіх зменаў. Калі не лічыць банкруцтва электратэхнічнай галіны, усе старыя гульцы на полі. Стары добры вагонны завод RVR цяпер выпускае электрацягнікі. Атрымала імпульс да развіцця фармацэўтычная кампанія «Олайнфарм». З’явілася новая моцная фармацэўтычная фірма «Грындэкс». Карыстаюцца попытам на еўрапейскiх рынках касметычныя і парфюмерныя вырабы «Дзінтарс». Іншыя рыжскія брэнды таксама адчуваюць сябе няблага. Праўда, некаторыя змянілі імя. Так, рыжскія лакі і фарбы цяпер выпускае фінская «Tikurilla».

Сярэднестатыстычны рыжанін атрымлівае $900 штомесяц. Гэта многа ці мала? Для жыхара правінцыі дастаткова. Таму ў дадатак да 850 000 рыжанаў штодзень на працу сюды прыязджае 200 000 «маятнікавых мігрантаў». Але ў ЕС па ўзроўні зарплаты Латвія трэцяя знізу. Ніжэйшыя заробкі толькі ў Балгарыі з Румыніяй. Таму моладзь выбіраецца на заробкі ў Брытанію або Ірландыю.

Стаўка вялікага магістра

Аўтастрада выгнула спiну ўздоўж ракi Гаўя. Тут, на лясiстых узгорках вобласцi Вiдзэмэ, знаходзiўся цэнтр улады Лiвонскага Ордэна.

Мястэчка Сiгулда — рэзiдэнцыя комтура сярэднявечнай Лiвонii. Тут праводзiлi свае пасяджэннi ландтагi (тагачасныя парламенты).

Горад Цэсiс за 90 кiламетраў на паўночны ўсход ад Рыгi — рэзiдэнцыя выканаўчай улады Лiвонскага Ордэна. З Цэсiскага замка кiравалi жалезнай рукой вялiкiя магiстры. Цяпер сон старажытнай «прэзiдэнтуры» трывожаць толькi мiтуслiвыя турысты.

На цэнтральнай плошчы горада знаходзiцца iншы важны помнiк — мемарыял у гонар перамогi аб’яднанай латышска‑эстонскай армii над немцамi ў 1919 г. З гэтага моманту пачынаецца жыццё Латвiйскай Вольнай Краiны дэ‑факта.

Тут няма буйной прамысловасцi. Калiсьцi штат пiўзавода «Цэсу алус» складаў 800 чалавек. Фiнскi iнвестар паставiў сучаснае абсталяванне, i ў вынiку калектыў скарацiўся да 80 чалавек. 17% жыхароў Цэсiса працуе на прадпрыемствах Рыгi.

Але на прыкладзе такiх невялiчкiх мястэчак (у Цэсiсе 18 тысяч жыхароў) можна пазнаёмiцца са становiшчам у жыллёвай гаспадарцы Латвii.

Набралі крэдытаў на вілы

Пераважная большасць людзей прыватызавала сваё жытло за чэкi (у Латвii — сертыфiкаты). Выключэнне было зроблена толькi для дэнацыяналiзаванага жыллёвага фонду. Бо Вярхоўны Савет Латвiйскай ССР, абвяшчаючы незалежнасць, вярнуў законную сiлу праўным актам Вольнай Краiны.

У Цэсiсе пасярод горада стаiць занядбаны палац. Нашчадак былога ўласніка аднавiў свае правы на гэты аб’ект. Але вяртацца з ЗША не захацеў. Толькі плаціць падаткі ў бюджэт горада. Дом паступова разбураецца. І ніхто не мае права пальцам яго крануць. Толькі змрочныя аканіцы ўпрыгожваюць фота ўсмешлівых юнакоў і дзяўчат — каралеваў і каралёў, якіх штогод абіраюць на Дні горада.

Ёсць у Цэсісе і іншыя дамы: прыгожыя двухпавярховыя вілы пад стылёвай дахоўкай. На адным, другім, трэцім, дзясятым — вялізныя плакаты «Pardod» (прадаецца). Напярэдадні крызісу тутэйшы люд актыўна браў крэдыты ў банках. Цяпер запазычанасць складае $12,5 млрд на два з паловай мільёны чалавек. Банкі не ведаюць, што рабіць з нерухомасцю, якая ім дастаецца за нявыплаты, а ўрад ратуе банкі. Дарэчы, доўг урада удвая меншы, складае «толькi» $ 5,6 млрд.

Латвійскі ўрад ратуе не толькі банкі. Калі ў чалавека адна кватэра, ён у ёй жыве, але яна закладзеная, i кошт крэдыту не перавышае $100 000, урад можа разлічыцца па абавязацельствах даўжнiка перад банкам, запісваючы грошы ў доўг урада з растэрміноўкай на дзесяць гадоў.

Дзяржава выкупляе пазыкі

Паўстаюць праблемы і з аплатай камунальных паслуг. У Цэсiсе яны асаблiва дарагiя. У савецкi час, калi нiхто не лiчыў грошы, у горадзе пабудавалi цеплаэлектрастанцыю. Цяпер цэсiская трохпакаёўка цягне ў ацяпляльны сезон камунальных паслуг на $200 штомесяц. Гарадское самакiраванне купляе блакiтнае палiва для электрастанцыі ў нямецкага пастаўшчыка («Рургаз») на ўмовах перадаплаты за 10 дзён.

Паводле латвiйскiх законаў, улады не маюць права адключыць фiзiчнай асобе ваду i цяпло ў ацяпляльны сезон. Самакiраванне зацiкаўленае, каб жыхары самi аплачвалi камунальныя паслугi. Для гэтага бедным выдзяляецца субсiдыя. Мяжа беднасцi ў Латвii — 180 даляраў у месяц для адзінокага чалавека i 240 даляраў на сям’ю.

У Цэсiсе (казус уласнай электрастанцыi) узровень беднасцi вышэйшы: адпаведна 216 i 276 даляраў. Калi чалавек або сям’я апускаецца да гэтай мяжы, самакiраванне выдзяляе iм разавую дапамогу — 480 даляраў. Права на дапамогу маюць i гаспадары прыватных дамоў. На дровы.

Калi запазычанасць перад самакiраваннем усё адно складае два месяцы i болей, улада мае права перасялiць чалавека ў камунальнае жытло. У Цэсiсе да крызiсу пабудавалі два камунальныя пяцiпавярховiкі. Цеплаiзаляцыя, шклопакеты, усё паводле сучасных еўрастандартаў. Адзiнае, што адрознiвае ад звычайнага дома, — планiроўка. У доме адзiн пад’езд i па адным калiдоры на паверх. Як у iнтэрнаце.

Усе вiды сацыяльнай дапамогi ў Латвii налiчваюцца ў працэнтах ад мiнiмальнага заробку, якi складае 360 даляраў.

Плюсы і мінусы Латвіі

Эканамiчны плюс Латвii — прыватызацыя адбылася.

Эканамiчны мiнус — Латвiя пайшла шляхам большасцi постсацыялiстычных краiнаў.

Тут, як i ў Расіi, ёсць невялiкая група людзей, што аб’ядналi ў сваiх руках эканамiчныя i палiтычныя рэсурсы (алiгархi). Таму ёсць вялiкiя дыспрапорцыi ў размеркаваннi прыбыткаў.

А стратэгічны выклiк латвiйскiм палiтыкам сёння — зрабіць так, каб людзям Латвii не хацелася пакідаць родны кут у пошуках працы. Каб працоўных рук і разумных галоў тут хапала і цяпер, і ў будучыні. Таму нават ва ўмовах жорсткай эканомii бюджэтных рэсурсаў кожная сям’я з дзецьмi атрымлiвае штомесяц ад дзяржавы 50 латаў дапамогi (болей за сто даляраў). Рыжская Дума віншуе бацькоў з нараджэннем рыжаніна «прызам» у 1000 даляраў.

У першы год дэкрэтнага адпачынку жанчына атрымлівае 75% заробку па апошнім месцы працы. Жанчына пазбаўленая дадатковых стрэсаў наконт уцёкаў бацькі‑аліментшчыка. Дзяржаўны фонд у такіх выпадках бярэ на сябе клопат па ўтрыманні сям’і. Наша дзяржава думае, як адпомсціць нядбайным бацькам: забраць грошы, уладкаваць на хiмiю. Латвiйская ж думае пра інтарэсы наступнага пакалення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?