Мяне завуць Ян Скрыган. Я музыкант. Скончыў Акадэмію музыкі, Вышэйшую школу музыкі ў Кёльне, цяпер жыву і працую ў Нямеччыне. Чытаю «Нашу Ніву». Чытаю, каб ведаць што адбываецца ў Беларусі. Разважанні сп. Герашчанкі мяне глыбока ўразілі і абурылі. Я ніколі не пісаў нічога падобнага, але гэтым разам я проста не вытрымаў.

Выказванні гэтага манкурта абражаюць не толькі мяне асабіста, але маіх бацькоў, маіх братоў і сясцёр, маіх дзядоў і прадзедаў.

Без усялякага сораму, беспадстаўна, не ведаючы і абсалютна не разумеючы беларускай мінуўшчыны, ён дазваляе сабе прыніжаць дзясяткі пакаленняў маіх родзічаў.

Яго выступленне — нядобры знак. Гэты знак ёсць, на жаль, гістарычнай, падрыхтаванай заканамернасцю. Cітуацыя, у якой знаходзіцца наша краіна на працягу апошніх шаснаццаці гадоў, дае рэальныя падставы і магчымасці для росквіту такога.

Герашчанка займае пасаду начальніка аддзела па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Віцебска. Пасада вельмі адказная з маральнага пункту гледжання. Справа тут ідзе пра духоўнае і патрыятычнае выхаванне будучага пакалення, пра тое, кім будуць нашыя нашчадкі, як яны будуць вызначаць самі сябе, якой гісторыяй будуць ганарыцца.

Атрымліваецца так, што вядзецца прадуманае выхаванне і падрыхтоўка манкуртаў манкуртам. Зламыснае калечанне маладых людзей з мэтай зрабіць з іх духоўных інвалідаў, сцерці іхную памяць, падмяніць іх вялікую гісторыю, урэшце знішчыць іх, а значыць знішчыць нашу будучыню.

Гэтыя селекцыянаваныя мутанты — зручны інструмент у працэсе разлажэння, раз’ядання, разбурэння нацыі.
І гэта робіцца ўжо непрыхавана, бессаромна, нахабна. Робіцца знутры. Хто ў гэтым зацікаўлены, мы можам толькі здагадвацца.

І гэтая ўжо ўпэўненая адкрытасць абурае і зневажае мяне да глыбіні душы.

Гэта значыць, асветнікаў Скарыны, Буднага, Цяпінскага, змагароў за незалежнасць Касцюшкі ды Каліноўскага, пісьменнікаў і паэтаў Купалы, Коласа, Гарэцкага, майго дзеда Скрыгана, пісьменніка-навэліста, які 18 гадоў адпакутаваў у сталінскіх лагерах і ссылках і яшчэ соцень дзеячоў беларускай культуры і навукі папросту не было і не існуе. Не існуе таксама і мяне.

Я з гэтым не згодзен. Таму што я ведаю, што гэта хлусня, найвялікшая хлусня і абсурд.

Я ведаю, што я ёсць. Як быў і мой дзед.

Мы не павінны маўчаць, мы павінны змагацца за сваё існаванне, за сваю будучыню.

Я вельмі хацеў бы спадзявацца, што праяўленне такой знявагі да ўсяго беларускага народа, беларускай культуры, беларускай гісторыі з боку беларускага чыноўніка ёсць недарэчнасцю, якая ў хуткім часе будзе вырашаная з боку дзяржавы. Калі ж нічога не адбудзецца і ён застанецца на сваёй адміністрацыйнай пасадзе, будзе цалкам відавочна, што ўлада наша з’яўляецца абсалютна антыбеларускай, антынароднай, злачыннай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?