Днямі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін праслухаў сольны альбом Лявона Вольскага «Белая яблыня грому». Назву праекту даў верш паэта.

— Гэта вельмі цікавы альбом! Здавалася б, такія вершы, на каторыя немагчыма напісаць. Напрыклад, напісаць на Багушэвіча — гэта толькі Вольскі мог! І якраз яна гучыць, гэтая песня! Наогул, песні ўсе меладычныя, запамінаюцца. Ну, а што тычыцца «Белай яблыні грому»… Не таму, што яна мая — я не з тых, хто толькі сваё любіць… Але мяне дужа ўразіла песня, Лявонаў падыход, меладычнасць песні. Дзякуй яму! — так ацаніў працу музыкі Рыгор Барадулін.

Прэзентацыя альбома «Белая яблыня грому» адбудзецца 23 сакавіка ў Купалаўскім тэатры.

Рыгор Барадулін

Белая яблыня грому

Белая яблыня грому

Чорных cадоў ліхалецця.

Яблык яе нікому

Не пажадаю на свеце.

Голая яблыня грому

Жахам жагнала прысмерк.

Пэўна, што д’яблу самому

Помніцца горкі прысмак.

Светлая яблыня грому

З салаўінае усяночнай.

Ласкавага яблыка стому

Я надкусіў аднойчы.

Ціхая яблыня грому,

Першага мілага гневу.

Позірку маладому

Праглася бачыць Еву.

Добрая яблыня грому,

Радасцю поўні наўколле!

Хай жа ня будзе злому

Голлю твайму ніколі.

Белая яблыня грому,

Клопатам, гаманою

І на апошнюю строму

Светла ўзыдзі са мною.

1977

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?