У 2009 годзе амаль 35% беларускіх сем’яў з трыма дзецьмі адносіліся да малазабяспечаных (з узроўнем сярэднедушавых наяўных рэсурсаў ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму). Пра гэта паведаміла кансультант галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Белаш 26 мая на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, летась да малазабяспечаных адносіліся 9% сем’яў з двума дзецьмі і 4,6% сем’яў з адным дзіцем. Узровень малазабяспечанасці ў сярэднім па Беларусі склаў 3,7%.

«У выніку праведзеных мер па сацыяльна‑эканамічнай падтрымцы сем’яў з дзецьмі можна гаварыць аб тым, што за апошнія гады малазабяспечанасць сем’яў з дзецьмі зніжаецца. Аднак у параўнанні з іншымі сацыяльна‑дэмаграфічнымі групамі яна застаецца высокай», — сказала Белаш.

У 2009 годзе, адзначыла яна, доля пенсій, дапамог, стыпендый, ільгот і датацый склала амаль 10% усіх даходаў у сем’ях з адным дзіцем, каля 11% — у сем’ях з двума дзецьмі, больш за 20% — у сем’ях, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей.

На 1 студзеня 2010 года сістэмай дапамог было ахоплена каля 450 тыс. дзяцей — 25% ад іх агульнай колькасці. Летась сярэднямесячныя памеры дапамог на дзяцей да і больш за 3 гады павялічылася ў сярэднім на 14,5%.

Дзяржаўная адрасная дапамога ў 2009 годзе была выдзелена больш чым 52 тыс. сем’яў з дзецьмі. Гэта 84% ад агульнай колькасці атрымальнікаў адраснай дапамогі.

Паводле слоў прадстаўніка Мінпрацы, са сродкаў дзяржбюджэту таксама было выдзелена 17 млрд. 157 млн. рублёў на дапамогу мнагадзетным і маладым сем’ям для пагашэння запазычанасці па крэдытах на будаўніцтва, рэканструкцыю або набыццё жылля. У 2008 годзе гэтая сума склала 10 млрд. 627 млн. рублёў.

Як паведаміла Белаш, значную ўвагу органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне надаюць занятасці студэнтаў і навучэнцаў у вольны ад вучобы час і падчас летніх канікул. У 2009 годзе ў перыяд канікул было працаўладкавана больш за 40 тыс. навучэнцаў і студэнтаў, з якіх 84% — навучэнцы 8—11‑х класаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?