Лета, гарачыня… Здаецца — ну якая праца можа быць летам, калі ярка ззяе сонца, калі нас рана сустракае досвітак і праводзіць позні захад сонца, а на працу раз‑пораз вяртаюцца адпачылыя, загарэлыя і задаволеныя калегі…

Тыя ж, хто яшчэ не быў у адпачынку, будуюць светлыя планы, абмяркоўваюць перавагі экзатычных краін, у радасным узрушэнні бегаюць па крамах, выбіраючы сабе купальныя касцюмы. А вы толькі моўчкі ўздыхаеце, таму што ваш адпачынак не трапіў на летнія месяцы… Прапаноўваю перастаць шкадаваць сябе і зайздросціць іншым! Давайце паспрабуем адкінуць эмоцыі і задумацца, ці так вам трэба ў водпуск менавіта цяпер? Існуе, ва ўсякім разе, 10 важкіх прычын, па якіх водпуск можна адкласці на іншую пару года.

1. Летняя гарачыня

Гарачыня — яна і ў Афрыцы гарачыня… і ў Турцыі, і ў Егіпце, і ў Мінску, і ў Брэсце. Падумайце, ці варта з адной гарачыні ехаць у іншую? Лепш пачакайце бархатнага сезона. А летам на працы з кандыцыянерамі не так ужо і кепска.

2. Гульня на кантрасце

Адсутнасць рэзкага кантрасту ў надвор’і паміж вашай радзімай і папулярнымі курортамі наўрад ці летам моцна парадуюць вас. У той жа час ёсць маса курортаў, куды, паехаўшы зімой, можна зноў апынуцца ў леце, напрыклад традыцыйны Егіпет, экзатычныя ААЭ, тэмпераментная Куба, культавы Гоа, казачны Тайланд, рэспектабельныя Мальдзівы…

3. Мясцовы адпачынак

Летам можна знайсці масу спосабаў пазабаўляцца ў выхадныя дні і ўвечары, не ад’язджаючы далёка ад дома і не губляючы каштоўныя дні адпачынку: дача, лес, шашлыкі, рыбалка, катанне на цеплаходзе па рацэ…

4. Гармон шчасця

Для выпрацоўкі гармону шчасця — сератаніну, абавязкова патрэбна святло. Недахоп святла ў зімовы час года і з’яўляецца прычынай такіх распаўсюджаных цяпер вяснова‑зімовых дэпрэсій. Менавіта таму ў сонечныя дні нас звычайна суправаджае добры настрой і нам псіхалагічна лягчэй жывецца. Таму будзе лепш, калі вы адкладзяце наведванне сонечных краін менавіта на зіму.

5. Летні сон карацейшы

Летам з‑за працяглага светлавога дня прачынацца лягчэй. Ды і яркая зеляніна за акном некалькі бадзёрыць. Успомніце, калі ласка, змрочны від з акна халоднай зімой і позняй восенню… так бы і не вылазіў з пасцелі. Вось тут вам і не пашкодзіць доўгачаканы водпуск.

6. Дзеці

Летам на курортах вельмі шмат дзяцей, а разам з імі шуму, ляманту, крыкаў, плачу і тузаніны… Усё гэта можа сапсаваць адпачынак нават тым, у каго ёсць уласныя дзеці, не кажучы ўжо пра той выпадак, калі вы бяздзетныя.

7. Зайздрасць калег

Ці спрабавалі вы калі‑небудзь здзівіць калег сваім загарам летам? Наўрад ці вам гэта ўдасца. А вось зімой… увесь бледнатвары офіс, убачыўшы бронзу вашай скуры, а таксама ваш памаладзелы і ззяючы ад задавальнення твар, у тайне будзе паміраць ад зайздрасці.

8. «Нянька» вашаму гадаванцу

Летам у большасці вашых знаёмых будзе вялізная куча планаў і мінімум вольнага часу. Таму знайсці таго, хто пагадзіўся б паглядзець за вашай хатняй жывёлай, пакаёвымі раслінамі, будзе значна цяжэй, чым зімой.

9. Цэны

Летам цэны на адпачынак вышэйшыя, прычым у 2‑3 разы. Адклаўшы водпуск на зіму, можна проста зэканоміць.

10. Гардэроб

Летам у вас будзе шмат часу, каб як след падрыхтаваць ваш курортны гардэроб. Вам не трэба будзе на злом галавы кідацца па пакупкі і купляць першае, што трапіць пад рукі. Тым больш, што нашы прадпрымальныя прадаўцы палову лета прадаюць тое, што не разышлося летась. І толькі пасля выстаўляюць новыя калекцыі. Уважліва і не спяшаючыся, атрымліваючы масу задавальнення ад шопінгу, вы зможаце набыць менавіта тое, што трэба менавіта вам. Да таго ж у канцы лета пачнуцца распродажы летніх калекцый, што дасць вам магчымасць зэканоміць. Акрамя таго, у вас застанецца магчымасць пратэсціраваць рэчы, набытыя загадзя: вам не давядзецца пакутаваць ад мазалёў, якія часта з’яўляюцца пры носцы новага абутку, ад падаючай лямкі сарафана ці ад штаноў, якія раптоўна збегліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?