Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне Беларускаму Хэльсынскаму камітэту за «неаб’ектыўную» інфармацыю, накіраваную ў міжнародныя арганізацыі.

«Міністэрства юстыцыі расцэньвае інфармацыю Беларускага Хэльсынскага камітэта, накіраваную ў міжнародныя арганізацыі, як тую, якая неаб’ектыўна адлюстроўвае працу дзяржаўных і праваахоўных органаў па падтрыманьню ў рэспубліцы стабільнасьці і правапарадку, наўмысна скажае рэальную абстаноўку ў краіне, спробу дыскрэдытаваць Рэспубліку Беларусь у вачах сусьветнай грамадзкасьці», — паведамляе Інтэрфакс.

Старшыня БХК Алег Гулак пракамэнтаваў для Радыё Свабода папярэджаньне, якое вынесла Беларускаму Хэльсынскаму камітэту Міністэрства юстыцыі.

Гулак дадаў, што гэтае папярэджаньне — першае цягам году ў БКХ, і заявіў, што яно будзе абскарджана ў Вярхоўным судзе Беларусі. Гулак зьвярнуў асаблівую ўвагу на тое, што Мін’юст абвінаваціў БХК у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь — як вядома, у Крымінальным кодэксе існуе адпаведны артыкул, які, аднак, пакуль не ўжываўся.

«Мы, безумоўна, будзем працягваць сваю праваабарончую дзейнасьць безь якога-колечы зьніжэньня нашай актыўнасьці ў сувязі з папярэджаньнем. БХК створаны дзеля грамадзкага кантролю над дзеяньнямі ўлады», — адзначыў Гулак.

«Мін’юст прадэманстраваў нецывілізаваны падыход да вырашэньня спрэчных пытаньняў. Мы проста выказалі сваё меркаваньне наконт таго, як мы бачым сытуацыю. Калі Мін’юст лічыць, што павінна быць толькі адно меркаваньне, то, спадзяюся, мы гэтыя часы ўжо праходзілі», — заявіў старшыня БХК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?