Сітуацыя ў Беларусі стала адной з тэм сустрэчы статс-сакратара — намесніка міністра замежных спраў Расіі Рыгора Карасіна з паслом ФРГ у Маскве Ульрыхам Брандэнбургам 18 студзеня.

Як паведаміў дэпартамент інфармацыі і друку МЗС РФ, падчас размовы «адбыўся абмен думкамі па асобных пытаннях адносінаў Расіі і Германіі з краінамі СНД». «Асаблівая ўвага нададзена развіццю палітычнага працэсу ў Малдове і перспектывам прасоўвання ў прыднястроўскім урэгуляванні, становішчу ў рэгіёне Паўднёвага Каўказа, у тым ліку ў кантэксце Жэнеўскіх дыскусій па бяспецы ў Закаўказзі. Закраналася таксама сітуацыя ў Беларусі і Цэнтральнай Азіі», — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля падзей 19 снежня і адмовы беларускіх уладаў прадоўжыць мандат офіса АБСЕ Германія пачала абмяжоўваць афіцыйныя кантакты з Мінскам. У прыватнасці, анулявана запрашэнне міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы (4–6 лютага). Не зможа паехаць у Мюнхен і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

17 студзеня пасол Беларусі ў Берліне Андрэй Гіро быў выкліканы ў МЗС Германіі ў сувязі са сцвярджэннямі, што распаўсюджваюцца беларускімі дзяржаўнымі СМІ, аб датычнасці ФРГ да спробы звяржэння Аляксандра Лукашэнкі падчас снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле інфармацыі радыёстанцыі «Нямецкая хваля», падчас сустрэчы з Гіро ўпаўнаважаная МЗС ФРГ па Усходняй Еўропе, Каўказе і Цэнтральнай Азіі Патрыцыя Флор заявіла, што такія абвінавачанні абсалютна беспадстаўныя. Яна зноў нагадала пра патрабаванне ўрада Германіі неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных у Беларусі і спыніць судовыя працэсы і рэпрэсіі супраць іх.

Флор падкрэсліла, што збліжэнне Беларусі з Еўрасаюзам будзе магчыма толькі пры захаванні Мінскам дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека. Паводле яе слоў, рашэнне беларускага кіраўніцтва закрыць мінскі офіс АБСЕ з’яўляецца «новым ударам па прававой сістэме і правах чалавека» ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?