Пра гэта паведаміў дарадца расійскага пасольства ў Беларусі Вадзім Гусеў.

«Учора ліст перадалі паслу і ў той жа дзень яно было адпраўлена ў Маскву адрасату», — сказаў ён.

10 лютага пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў сустрэўся з жонкамі Аляксея Міхалевіча, Дзмітрыя Бандарэнкі і Мікалая Статкевіча. Гэтыя палітыкі ўваходзяць у лік 42 абвінавачаных у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года.

Як паведаміла Мілана Міхалевіч, сустрэча была «даволі працяглай». «Падчас гутаркі пасол некалькі разоў паўтарыў фразу аб тым, што ўлада павінна быць велікадушнай і міласэрнай да сваіх грамадзян. Ён таксама адзначыў, што ў пытанні вызвалення людзей пазіцыя Расіі супадае з еўрапейскай пазіцыяй, і нагадаў пра нядаўнюю заяву міністра Лаўрова», — сказала Міхалевіч.

У звароце да Дзмітрыя Мядзведзева сваякі палітзнявоеных просяць зрабіць

«усё магчымае, каб абразуміць беларускія ўлады, якія запусцілі махавік рэпрэсій, які сёння перамолвае лёс тысяч людзей у Беларусі».

Ліст падпісалі Ала Саннікава, Вольга Бандарэнка, Уладзімір Халіп, Люцына Бяльзацкая, Дар’я Корсак (Атрошчанкава), Надзея Радзіна, Ульяна Кобец, Уладзімір Палажанка, Марына Адамовіч (жонка Статкевіча), Мілана і Алена Міхалевіч, Зоя Яўменава, Марына Фядута.

Нагадаем, раней Мядзведзеў даручыў расійскаму МЗС улічваць у сваёй пазіцыі меркаванне праваабаронцаў аб падзеях у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. «Магу вам сказаць прама і хачу, каб усе нашы беларускія сябры, у шырокім сэнсе гэтага слова, ведалі пра маю пазіцыю. Мяне таксама здзіўляе тое, што там адбылося, і я даў даручэнне, каб на тыя аргументы, якія вы прыводзіце ў сваім звароце, звярнула ўвагу Міністэрства замежных спраў пры выпрацоўцы дыпламатычнай пазіцыі Расійскай Федэрацыі ў цэлым», — заявіў Мядзведзеў 1 лютага на пасяджэнні Савета па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека.

Што да погляду на развіццё палітычнага жыцця ў Беларусі, то Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў грамадскім дзеячам звярнуцца да яго блога. «Усе астатнія рэчы каментаваць не буду, прапаноўваю звярнуцца да першакрыніцы — майго блога. Я, па-мойму, там вельмі адкрыта выказаўся па шэрагу момантаў, звязаных з тым, як развіваецца палітычнае жыццё ў Беларусі. Хачу вам сказаць, што пасля выбараў я свае пазіцыі не змяніў», — падкрэсліў расійскі прэзідэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?