Турыстычны бізнэс — адна з галоўных ахвяраў фінансавага хаосу ў краіне. На дарагія падарожжы ў людзей няма грошай, але адпачываць жа хочацца! Бюджэтны варыянт — туры выходнага дня без адрыву ад працы. «Наша Ніва» робіць агляд прапаноў ад беларускіх турыстычных фірмаў. Хоць, па словах прадстаўнікоў кампаній, экскурсійныя аўтобусы ўсё часцей выязджаюць у падарожжа паўпустымі…

Глядзі беларускае

Самы­самы ашчадны варыянт — падарожжа па Беларусі. Галоўнае, што для яго не трэба валюты. Перавага такіх тураў яшчэ і ў недалёкай дарозе.

Лідар гэтай часткі рынку — кампанія «Віяполь». Цяпер што да цэнаў на падарожжы. Маршрут «Помнікі Міра і Нясвіжа» з уваходнымі білетамі і абедам каштуе 140 тысяч рублёў. Іншыя аднадзённыя падарожжы па Беларусі каштуюць прыкладна столькі ж. Напрыклад, «Воднае царства Браслава» з заездам у Глыбокае і Мосар абыдзецца ў 120 тысяч рублёў, а «Астравецкая кругасветка» па маршруце Кушляны--Солы­--Астравец­--Гервяты--Варняны--Міхалішкі — 110 тысяч рублёў. Паўнавартасныя туры на два дні з начоўкай у дарозе каштуюць 300—350 тысяч рублёў з чалавека. Гэта падарожжы ў Брэст з Белавежскай пушчай, Гродна з заездам па дарозе ў Ліду і Полацк заадно з Віцебскам. Улічвайце, што аўтобусы турфірмаў адпраўляюцца нерэгулярна, у адныя выходныя можна ехаць толькі ў Хатынь, а ў іншыя — напрыклад, у Крэва.

Шмат хто абыходзіцца і без паслугаў спецыялістаў — сеў у машыну ці ў рэйсавы аўтобус і паехаў. Бюджэт такога падарожжа кожны выбірае для сябе, можна ўкласціся ў 30 тысяч з чалавека, а можна гульнуць усёй кампаніяй і на мільён. Варта толькі ўлічваць, што дзяржаўныя гасцініцы ў райцэнтрах варта браніраваць загадзя. Звычайна яны просяць за койкамесца 30—35 тысяч.

Бязвізавы варыянт

Наступным па дарагоўлі з’яўляецца варыянт з падарожжам да бязвізавых суседзяў — у Расію ці Украіну. Такія туры звычайна прадугледжваюць адпраўленне з Мінска ўвечары ў пятніцу і вяртанне раніцай у панядзелак, так што можна яшчэ і на працу паспець. Выбар, шчыра кажучы, не надта вялікі. На поўдзень турфірмы возяць аўтобусы фактычна толькі ў Львоў і Кіеў (каля $85—100 з чалавека ў кожным з выпадкаў). Туры на ўсход, напрыклад, у Санкт-Пецярбург, каштуюць даражэй, каля $150—180 з чалавека, але яны і даўжэйшыя, мінімум на дзве начоўкі. Экскурсій у Маскву на рынку амаль няма, але адзінкавыя прапановы каштуюць $150 за двухдзённае падарожжа з адной начоўкай.

Варта ўдакладніць што апроч указанай цаны турфірмы патрабуюць аплату сваіх паслугаў — ад 30 да 100 тысяч рублёў. Гэта тычыцца і наступных прапаноў — у краіны Еўрасаюза.

Падарожжа з дадаткам у 60 еўра

Безліч варыянтаў з турам на Захад упіраецца ў наяўнасць ці адсутнасць шэнгенскай візы. Дадатковыя 60 еўра за два дні шпацыру па Вільні — дарагое задавальненне, хоць турфірмы і бяруць усе арганізацыйныя пытанні на сябе.

Падарожжы ў Польшчу робяцца па апісаным вышэй украінскім варыянце — выезд у пятніцу, вяртанне ў панязелак. Асноўныя прапановы ў гэтай краіне — Кракаў з заездам у саляныя шахты Вялічкі і Варшава (па $110-120 з чалавека).

Самы папулярны тур у Літве — Вільня і Трокі ($100). Паколькі дарога ў гэтую краіну вельмі блізкая, турысты абыходзяцца без начных пераездаў. Ёсць яшчэ варыянт з заездам у Каўнас, ён робіць падарожжа даражэйшым на $10—15.

Знайсці тур у Рыгу і не атрымаць у дадатак Вільню амаль немагчыма. Падарожжы па дзвюх сталіцах каштуюць каля $130 і прадуглежваюць дзве начоўкі. Даплаціўшы каля $20, можна пабачыць яшчэ і Талін.

Вядома ж, па ўказаных маршрутах можна адпраўляцца і без дапамогі ад турфірмаў. Але адкрыць самому візу будзе не так і проста — спачатку давядзецца забраніраваць нумар у гатэлі і аплаціць яго паслугі. Яшчэ трэба ўлічваць, што пры падарожжах на ўласным аўто трэба афармляць страхоўку — «зялёную карту» як мінімум за 30 еўра. Затое не варта баяцца шалёных чэргаў на мяжы — яны імгненна зніклі пасля павышэння мытаў на ўвоз аўтамабіляў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?