Народныя дэпутаты прынялі закон «Аб зацвярджэнні Указа прэзідэнта Украіны «Аб частковай мабілізацыі». За гэта рашэнне прагаласавалі 275 парламентарыяў.
Па словах сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Андрэя Парубія, неабходнасць прыняцця гэтага дакумента выклікана абвастрэннем грамадска-палітычнай сітуацыі на Крымскім паўвостраве і непрыхаванай агрэсіяй, захопам расійскім бокам часткі тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля.
Згодна з дакументам, частковая мабілізацыя праводзіцца на тэрыторыі ўсіх абласцей Украіны і горада Кіева.
На тэрыторыі Крыма і горада Севастопаля мабілізацыя ажыццяўляецца сярод грамадзян, якія добраахвотна выказалі жаданне быць пакліканымі на службу.
Парубій удакладніў, што мабілізацыя будзе праводзіцца 45 сутак з дня ўступлення ў сілу Указа. Паводле яго слоў, плануецца прыцягнуць 20 тысяч чалавек ва ўзброеныя сілы і 20 тысяч байцоў у Нацыянальную гвардыю.
Указ уступае ў сілу пасля яго зацвярджэння Вярхоўнай Радай Украіны.





