Прэзідэнта Літвы Далю Грыбаўскайце можа чакаць лёс былога грузінскага лідара Міхаіла Саакашвілі ў сувязі з яе выказваннямі ў адрас Расеі, лічыць старшыня Дзярждумы Сяргей Нарышкін.

Каментуючы журналістам прапанову дэпутатаў ад фракцыі КПРФ разарваць адносіны з Літвой за тое, што Грыбаўскайце назвала РФ «тэрарыстычнай дзяржавай», Нарышкін назваў словы літоўскага прэзідэнта «грубым антырасейскім заявай», перадаюць расійскія інфармацыйныя агенцтвы.

Нагадаем, што прэзідэнт Літвы рэзка ацаніла ролю Расіі ва ўкраінскім крызісе ў інтэрв'ю Літоўскаму радыё 20 лістапада.

Нарышкін узгадаў Міхаіла Саакашвілі. «Дзе ён сёння? Ён сёння ізгой ў Грузіі, і яму ніхто рукі не хоча падаць», — ацаніў спікер цяперашняе жыццё Саакашвілі.

Кар'ера Саакашвілі пайшла на спад пасля таго, як Грузія не здолела стрымаць расійскія войскі ў кароткай вайне 2008 года.

Як паведамлялася, пасля адстаўкі грузінскі палітык жыве ў ЗША. На радзіме новы ўрад дабіўся завядзення на яго крымінальнай справы — яго абвінавачваюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і растраце дзяржаўных сродкаў.

Сурова крытыкуючы Грыбаўскайце, Нарышкін ў той жа час не падтрымаў прапановы аб разрыве дыпламатычных адносін з Літвой. Затое ён прапанаваў выгнаць ЗША з НАТА.

У рамках дыскусіі на міжнародным круглым стале на тэму «Шляхі пераадолення крызісу ў Еўропе» Нарышкін выступіў з нечаканай заявай: «У мяне ёсць фантастычная прапанова: я б прапанаваў еўрапейскім партнёрам выгнаць з блока ЗША». «І я ўпэўнены, што ўзровень стабільнасці і бяспекі ў Еўропе даволі хутка вернецца ў належны стан», — дадаў спікер Дзярждумы.

Як і Пуцін, Нарышкін — выхадзец з КГБ.

З Літвы паведамляюць, што расійскія памежнікі ў Калінінградскай (Каралявецкай) вобласці пачалі надглядаць літоўскі транспарт па ўзмоцненай працэдуры. Вільня заявіла ў сувязі з гэтым пратэст паслу Расіі. А Грыбаўскайце заклікала літоўскіх бізнэсоўцаў «ацаніць рызыкі» працы на расійскім рынку.

Нягледзячы на санкцыі, уведзеныя Масквой супраць літоўскіх сельгаспрадуктаў, Літва даволі ўпэўнена пачуваецца ў адносінах з Расіяй, бо «Газпром» не можа перакрыць ёй газ — нітка ў Калінінград ідзе праз Літву. На выпадак жа крытычных сітуацый Літва першай у рэгіёне паставіла ў Клайпедзе тэрмінал для атрымання звадкаванага газу. Яна ў гэтым апярэдзіла нават Польшчу.

Даля Грыбаўскайце — адзіны лідар у Еўрасаюзе, які публічна заклікае да паставак зброі ўкраінскай арміі. Палітычны стыль Грыбаўскайце адрозніваецца рэзкасцю. У свой час яна адзіным з лідараў рэгіёна раскрытыкавала адміністрацыю Абамы за адмову ад размяшчэння ва Усходняй Еўропе сістэмы проціракетнай абароны, чым выклікала вялікае раздражненне ў Вашынгтоне. Таксама яна пайшла на асабістыя кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам, калі палічыла, што той узяў курс на ўмацаванне незалежнасці Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?