Малюнак: cryptos.by
У Цэнтральнае РУУС Мінска звярнуўся мужчына, які страціў $7,5 тысячы, перадаўшы іх знаёмаму для папаўнення крыптавалютнага кашалька. Па дамоўленасці біткойны меліся быць залічаныя на працягу 2-4 хвілін, але гэтага не адбылося, бо «мінчанін вырашыў больш выгадна скарыстацца грашовымі сродкамі для атрымання прыбытку, але выключна для сябе».
Вось некалькі парадаў уладальнікам крыптавалюты і тым, хто збіраецца купляць яе:
- Не ганіцеся за лёгкай здабычай, захоўвайце спакой і цвяроза ацэньвайце сітуацыю. Не варта адразу прымаць прывабную прапанову, якая нібыта мае прынесці прыбытак. Часцей за ўсё за абяцаннямі сур'ёзнага прыбытку без якіх-небудзь рызык стаяць зламыснікі.
- Купляйце/прадавайце крыптавалюту толькі на вядомых біржах і абменных пунктах, а не праз форумы, дамаўляючыся з кімсьці наўпрост і г.д.
- Заўсёды пераходзьце толькі па правераных спасылках, абавязкова глядзіце, ці правільна прапісана даменнае імя сайта. Пры найменшым сумневе ў крыніцы паспрабуйце звязацца з падтрымкай гэтага рэсурсу.
- Чытайце водгукі іншых карыстальнікаў сеціва аб гэтай кампаніі, сайце або прыватнай асобе.
- Не спампоўвайце праграмы з неправераных сайтаў: яны могуць утрымліваць вірусныя кампаненты, якія дазваляюць узламаць кашалькі з крыптавалютай.
- Усталюйце на камп'ютар антывіруснае праграмнае забеспячэнне.
- Захоўвайце кашалёк на камп'ютары без доступу да інтэрнэту.





