Прафсаюз працаўнікоў прадпрыемства прапануе тэрміновыя пуцёўкі ў санаторый «Белоруссія» ў Місхоры.
Адзін з рабочых мясакамбіната паведаміў, што на прадпрыемстве тэрмінова набіраюць супрацоўнікаў для адпачынку і лячэння ў анексаваным Расіяй Крыму. Перавага аддаецца людзям з хваробамі органаў дыхання.
Паводле аб’явы, якая вісіць у будынку сталовай, санаторныя пуцёўкі ў санаторый «Белоруссія» ў Місхоры (10 км ад Ялты) разлічаны на 18 дзён. Месяц заезду — красавік 2019 года.
Аб’яву пра падачу санаторных пуцёвак распаўсюдзілі адміністрацыя мясакамбіната і прафсаюзны камітэт. Усе ахвочыя могуць звяртацца ў сыравінны аддзел да Таццяны Старанацкай.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце санаторыя, ён падначалены Упраўленню справамі прэзідэнта Беларусі.
У чэрвені 2015 года Украіна зацвердзіла парадак заезду на паўвостраў — толькі праз яе тэрыторыю і па адмысловым дазволе. Калі чалавек едзе ў Крым праз Расію, то яго могуць зрабіць неўязным ва Украіну.





