Сёння выканкам Беларускай федэрацыі футбола зацвердзіў імя новага галоўнага трэнера нацыянальнай каманды. Ім стаў славуты беларускі паўабаронца Аляксандр Хацкевіч.

«Дынама» Мінск, «Дынама» Кіеў

Ад пачатку ён быў выхаванцам мінскай дынамаўскай СДЮШАР-5 і 14 гадоў сваёй кар’еры футбаліста выступаў за бела-блакітныя каманды: з 1992 па 96 за мінскую, да 2003 — за кіеўскую. Далей была вандроўка ў Кітай і Латвію, а пасля зноў вяртанне да альма-матар — кар’еру гульца Аляксандр скончыў у родным мінскім «Дынама» ў 2007-м.

З ягоным імем звязаныя самыя гучныя поспехі абедзвюх дынамаўскіх камандаў: пяць чэмпіёнстваў Беларусі запар у складзе «Дынама» Мінск, а пасля ўжо выступ у паўфінале Лігі чэмпіёнаў у складзе легендарнай кіеўскай каманды пад кіраўніцтвам Валера Лабаноўскага.

Хацкевіч з’яўляецца адным з галоўных архітэктараў гэтых дасягненняў разам з яшчэ адным беларусам — нябожчыкам Валянцінам Бялькевічам. 

З «Дынама» звязаная і важная частка трэнерскай кар’еры Аляксандра. Яшчэ ў тым самым 2007 годзе ў Мінску ён пачаў трэнерскую кар’еру, зрабіўшыся адным з нешматлікіх гуляючых трэнераў у гісторыі нашай краіны. Рэзультаты аказаліся, скажам так, не вельмі добрымі — пад кіраўніцтвам Хацкевіча «Дынама» скончыла чэмпіянат на рэкордна нізкім для сябе дзявятым месцы, што вылілася ў адстаўку спецыяліста.

А з 2010 года і да сённяшняга моманту ён працаваў з моладзевым складам ужо кіеўскіх дынамаўцаў. Разам атрымліваецца, што Хацкевіч 20 са сваіх 41 год аддаў «Дынама» – літаральна палову жыцця. Таму відавочна, што пачэснае месца ў гісторыі бела-блакітных Хацкевіч сабе зарэзерваваў даўно.

Падазраваўся ў здачы матча

У адборы да Чэмпіянату свету ў Японіі і Карэі 2002 года нацыянальная зборная Беларусі пад кіраўніцтвам легендарнага Эдуарда Малафеева трапіла ў адну групу з Украінай. Таксама ў гэтай жа групе апынуліся Уэльс і Польшча. Менавіта тады ў Беларусі былі найлепшыя шансы на выхад у фінальную частку мундыаля. У апошніх двух матчах адбора наша зборная сустракалася дома з Украінай і на выездзе з Уэльсам. Гульню супраць паўднёвых суседзяў нашыя прайгралі з лікам 0:2, а Хацкевіч і Бялькевіч былі замененыя па ходзе гульні.

Галоўны трэнер нацыянальнай каманды абвінаваціў хлопцаў, якія на той момант з’яўляліся гульцамі кіеўскага «Дынама» ў тым, што яны «здавалі» гэты матч: маўляў, ім у Кіеве паставілі такую ўмову.

Затым была феерычная дамашняя перамога над пераможцамі групы — палякамі з лікам 4:1 (тады Раман Васілюк аформіў карэ). А на гульню супраць Уэльса Хацкевіча з Бялькевічам нават не ўзялі. Зборная прайграла валійцам з лікам 0:1, што пазбавіла яе паездкі на чэмпіянат свету.

Хацкевіч жа апісваў гэтую сітуацыю наступным чынам: «Усё было па-сумленнаму, мы з Валікам гульню не здавалі. Нават пасля таго матча з Украінай заставаўся шанец: калі б мы абыгралі зборную Уэльса, гарантавана траплялі б у плэй-оф. Хоць Эдуард Васільевіч і сказаў нам, што ўкраінцы з палякамі ўжо дамовіліся. Але яны згулялі ўнічыю 1:1, а мы пацярпелі паразу. Зрэшты, гэты матч зборная праводзіла ўжо без нас з Валікам. Малафееў замяніў мяне тады пасля першага тайма, а Валянціна на 60-й хвіліне. І сказаў, што з намі ў Уэльс ён не паедзе. Што было рабіць кіраўніцтву федэрацыі пасля такога ультыматуму? Зразумела, яно стала на бок трэнера. Хоць на наступны дзень мы прыехалі на базу і паспрабавалі пагаварыць з Эдуардам Васільевічам. Усё ж такі не хацелася выпускаць шанцу трапіць на чэмпіянат свету. Мы ж яшчэ перад гульнёй з Украінай сказалі Малафееву: «Калі вы нам не давяраеце, то лепш не стаўце. А калі ставіце, то пытанняў потым не задавайце».

Мінімум вопыту на ўзроўні зборных

У якасці трэнера Хацкевічу давялося папрацаваць не толькі і ў мінскім і кіеўскім «Дынама» ды «Віцебску». Якраз паміж першым трэнерскім вопытам у беларускай сталіцы і паездкай на поўнач нашай краіны знайшлося месца для працы ў моладзевай зборнай Беларусі U18. Асаблівых поспехаў каманда не здабыла, таму і прабыў на пасадзе яе галоўнага трэнера Хацкевіч толькі год.

А ў 2010—11 Аляксандр працаваў у якасці асістэнта Мірона Маркевіча, а пасля і Юрыя Калітвінцава ў складзе нацыянальнай зборнай Украіны. 

Хварэў на гепатыт

Яшчэ падчас сваёй футбольнай кар’еры Хацкевічу давялося перанесці гепатыт В. Хваробу ён падхапіў разам з яшчэ адным вядомым беларускім футбалістам Сяргеем Штанюком, калі мінскае «Дынама» была ў туры па Паўднёвай Амерыцы ў 1995 годзе. Гульцам давялося прапусціць сур’ёзны адрэзак часу, каб цалкам выздаравець і вярнуцца ў форму. Але і цяпер без увагі ўжо мінулую хваробу пакідаць нельга: «Раз у два месяцы я праходжу адмысловае абследаванне. На дадзены момант усе функцыі печані ў парадку, так што з гэтым ніякіх праблем», — кажа Хацкевіч.

Пасада галоўнага трэнера — гэта вялікі крок наперад для Аляксандра Хацкевіча. Хочацца верыць, што легенда беларускага футболу ў якасці футбаліста выдатна праявіць сябе і на трэнерскай пасадзе.

Рыбак і сем’янін

Аляксандр Хацкевіч любіць парыбачыць. Дарэчы, у цяперашняй зборнай тое самае хобі маюць Аляксандр Глеб, Сяргей Карніленка, Цімафей Калачоў, Сяргей Чэрнік.

А што сям’я? Хацкевіч — чалавек стабільны. Са сваёй жонкай Ілонай яны пазнаёміліся яшчэ больш за 20 гадоў таму. На першае спатканне Хацкевіч прыйшоў у спартыўным касцюме зборнай СССР – хацеў стварыць уражанне. Удалося — яны з жонкай гадуюць двох сыноў, Уладзіслава і Арцёма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?