Дар’я Чульцова падчас уручэння ўзнагароды Prix Europa. Патсдам, Нямеччына. 28 кастрычніка 2022 года. Фота: Ян Лісіцкі / «Белсат»

Дар’я Чульцова падчас уручэння ўзнагароды Prix Europa. Патсдам, Нямеччына. 28 кастрычніка 2022 года. Фота: Ян Лісіцкі / «Белсат»

«Я даведалася пра прэмію, калі была ў турме, падчас спаткання з мамай. Улічваючы, што Каця цяпер не са мной і не можа атрымаць прэмію разам са мной, я не ведаю, ці магу я радавацца настолькі, наколькі ўсе кажуць і хочуць, каб я радавалася», — кажа Даша за пару гадзінаў да ўрачыстай цырымоніі.

«Як фільм»

Даша прыгадвае, што ў зняволенні не магла адчуць радасці ўзнагароды, бо заставалася ў закрытай прасторы, а ўсё, што было па-за — як бы не існавала. «Гэта як фільм, які недзе паказваюць», — кажа яна.

Падчас размоваў з журналістамі і паміж імі Даша ўвесь час усміхаецца, але гэта сумная ўсмешка: у інтэрв’ю яна шматкроць прыгадвае Кацю.

Дар’я Чульцова падчас уручэння ўзнагароды Prix Europa. Патсдам, Нямеччына. 28 кастрычніка 2022 года. Фота: Ян Лісіцкі / «Белсат»

Дар’я Чульцова падчас уручэння ўзнагароды Prix Europa. Патсдам, Нямеччына. 28 кастрычніка 2022 года. Фота: Ян Лісіцкі / «Белсат»

«Няправільна будзе казаць, што я яе заслужыла: я проста рабіла сваю працу, — кажа Даша. — Усе гэтыя прэміі для таго, каб гучней сказаць пра тое, што ў нас існуе праблема. Я рада гэтым прэміям, але толькі таму, каб мой голас гучаў гучней, каб гучней крычаць, што нашыя журналісты ў турме, што Каця да сёння ў турме».

Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі прысуджэння ўзнагародаў Дар’я заявіла, што павінна была стаяць на сцэне не адна.

Дар’я Чульцова з узнагародай фестывалю Prix Europa. Патсдам, Нямеччына. 28 кастрычніка 2022 года. Фота: Ян Лісіцкі / «Белсат»

Дар’я Чульцова з узнагародай фестывалю Prix Europa. Патсдам, Нямеччына. 28 кастрычніка 2022 года. Фота: Ян Лісіцкі / «Белсат»

«Маю калегу і сяброўку Кацярыну Андрэеву дагэтуль трымае ў палоне дыктатарскі рэжым, які ўстанавілі ў маёй краіне. Мне ясна далі зразумець, што мяне выпусцілі з турмы толькі таму, што я малады журналіст і не паспела прычыніць ім шмат шкоды, у адрозненне ад Каці. Яна заўсёды была ў гушчы падзей. Яна заўсёды паказвала праўду, і за гэта дыктатура сённяшняй Беларусі ёй помсціць. Восем гадоў. Яны палічылі, што казаць праўду каштуе менавіта столькі. Што ж, колькі б Кацярына ні знаходзілася ў палоне, я ўпэўнена, што пасля, дзякуючы гэтаму досведу, яна створыць нешта неверагоднае. А зараз я буду старацца працаваць за нас абедзвюх».

Фестываль «Prix Europa» — найбуйнейшы фестываль кантынента, на якім спаборнічаюць праграмы, праекты і фільмы, зробленыя для тэлебачання, радыё і анлайну, агулам у дзевяці намінацыях. З 2017-га журы фестывалю ўвяло катэгорыю «Журналіст года». Паводле генеральнага дырэктара «Баварскага радыё» Каці Вільдэрмут, гэтай узнагародай ушаноўваюць асобаў, якія «праяўляюць незвычайную крэатыўнасць і мужнасць, уплываючы на грамадства або аўдыторыю ў сваіх краінах, змяняючы гульню».

Клас
10
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1