Фота: subhakitnibhat kewiko / vecteezy.com

Фота: subhakitnibhat kewiko / vecteezy.com

Юлія, 35 гадоў, Беласток: «Званіў і казаў, што я атрымліваю яго грошы»

«У TikTok шмат разоў сустракала інфармацыю пра махлярскі метад, які распаўсюджаны ў Польшчы. Вось сутыкнулася знутры.

Тэлефануе дзядзька, кажа, што закінуў грошы на рахунак праз нумар тэлефона. Але высветлілася, што пляменнік грошы не атрымаў, бо яны прыйшлі да мяне: маўляў, «вярні назад». Адказваю, што занятая, прашу звярнуцца ў банк і кладу тэлефон.

Пасля яшчэ сотня званкоў. Правяраю рахунак — грошы ёсць.

Чаму адразу не вярнула? Па-першае, адпраўнік можа іх самастойна забраць, у гэтым і сутнасць махлярства: ты вяртаеш «выпадковыя» грошы, а ён пасля адклікае свае пералічэнне. Па-другое, гэты нумар 9 месяцаў належыць мне. А як ён камунікаваў з пляменнікам і як даведаўся, што грошы прыйшлі не яму? Па-трэцяе, на гэтым нумары да мяне быў пан Аўгуст, бо, калі я атрымала нумар, мне званілі з усіх сацыяльных (і не толькі) службаў — шукалі яго.

Такім чынам, размова не спрацавала, і пачаўся град СМС: «Вярні грошы, у цябе ўсходні акцэнт, а то звярнуся ў міграцыйную службу, напішу ў паліцыю». І шмат-шмат усяго іншага.

Адказваю адным сказам: «Прашу звярнуцца ў банк і вырашыць сваё пытанне са спецыялістамі».

Паcля зноў мора СМС, што банк не вырашыць пытання, што я ўтрымліваю чужыя грошы і г. д. Праз некаторы час ён заявіў, што напісаў заяву ў паліцыю. Да банка дайсці не здолеў, а ў паліцыю — адразу. Дык вось пытанне: сустрэчны зварот пісаць ці сачыць за спектаклем далей?»

Андрэй, 30 гадоў, Вільня: «Мне па-чалавечы было яго шкада»

«Я палітычны ўцякач. Пасля таго, як я трапіў у Вільню, мяне прытуліла адна беларуская арганізацыя. Нейкі час я жыў у іх, але мне трэба было паралельна шукаць сваю кватэру. Такія былі ўмовы.

На ўсё ў мяне сышло досыць шмат часу, таму што я шукаў варыянт, дзе мяне адразу змогуць прапісаць. У Літве з такімі дакументамі даволі строга, таму трэба было загадзя падрыхтавацца.

На адну з маіх аб'яў аб пошуку кватэры адгукнуўся мужчына Руслан, які прапанаваў зняць яго кватэру. Мы сустрэліся, умовы былі нармальнымі, таму дамовіліся заключыць дамову літаральна праз два дні.

З гэтага моманту пачалі з'яўляцца некаторыя «трывожныя званочкі». Па словах гаспадара кватэры, яму патрэбны быў час, каб з'ехаць у дом, які ён дабудоўвае, таму заехаць я мог толькі праз тыдні паўтара. У цэлым я мог сабе гэта дазволіць, таму спакойна вырашыў пачакаць.

Праз агавораны час мы сустрэліся, каб я падпісаў дамову, і я аддаў заклад. Пры гэтым заехаць у кватэру ўсё яшчэ не змог. У гаспадара пачалі з'яўляцца нейкія пастаянныя паломкі ў доме, праз якія адкладаўся пераезд. То трэба тэрмінова замяніць трубу ў ванным пакоі, то нейкі кацёл, то пачаліся праверкі, якія таксама тэрмінова трэба было прайсці, і ўжо пасля ён мог бы застацца там жыць.

Праз нейкі час мужчына папрасіў пазычыць яму грошай. Я даў яму дадатковыя 400 еўра, да гэтага даў заклад і суму за два месяцы жыцця ў кватэры. Усяго выйшла каля 1500 еўра. Мне па-чалавечы было яго шкада. Ды і адмаўляцца ад варыянта кватэры, дзе гаспадар за нармальную суму гатовы быў мяне заадно і прапісаць, мне не хацелася: у Літве гэта і праўда рэдкасць.

У такім чаканні прайшоў месяц. Калі ў мяне з'явіліся літоўскія дакументы, я адразу замовіў плацежную карту. Адрас для атрымання пазначыў той кватэры, дзе планаваў жыць. І вось неяк заходжу я ў свой пад'езд, пачынаю корпацца ў паштовай скрыні, каб забраць сваю карту, як раптам дзверы з кватэры, у якую я павінен быў засяліцца, адчыняюцца — і адтуль выходзіць нейкая жанчына.

Мы разгаварыліся, і аказалася, што ніякага Руслана, які «здаў» мне жыллё, тут ужо доўгі час няма. Высветлілася, што жанчына — сапраўдная гаспадыня кватэры, а гэты мужчына — проста даўні яе сужыцель. І падчас нашай размовы Руслан якраз патэлефанаваў мне. На пытанне, што адбываецца і чаму па патрэбным мне адрасе жыве нейкая незнаёмка, махляр проста кінуў трубку. З таго часу я яго не бачыў і не чуў.

Я пайшоў у паліцыю, на Руслана завялі справу, але знайсці так і не змаглі. Аказалася, што я не першы пацярпелы. Па такой схеме ён працаваў і з іншымі эмігрантамі, якія аддавалі грошы, а праз нейкі час ён проста знікаў. Аферыста ўсё яшчэ шукаюць, грошы я так і не змог вярнуць. Кватэру таксама давялося шукаць іншую».

Ніна, 24 гады, Вільня: «Часта тэлефануюць і на рускай мове кажуць, што на мяне ўзялі крэдыт»

«У Літве, наколькі я заўважыла, вельмі распаўсюджана махлярства праз тэлефон. Першы раз з гэтым сутыкнулася мая мама. Ёй патэлефанавалі нібыта з мясцовай паліцыі і на чыстай рускай без якога-небудзь акцэнту пачалі пераконваць, што яе пашпартныя даныя скралі і ў нейкім лакальным банку на яе ўзялі крэдыт.

Па іх запэўненні, каб дапамагчы знайсці злачынцаў і захаваць грошы на карце, даныя і інфармацыю са сваёй карткі трэба было праверыць з імі. Атрымліваецца такі абсалютна базавы і дурны «развод», які, магчыма, дзейнічае на тых, хто толькі нядаўна пераехаў.

Мама тады вельмі спалохалася. Гэта быў адзін з першых месяцаў пасля эміграцыі, таму яна была гатовая паверыць у любы шантаж. Добра, што падчас размовы з той «паліцыяй» вырашыла напісаць мне і ўдакладніць, наколькі ўвогуле крэдыт на яе імя цяпер тут магчымы. Толькі пасля гэтага яна зразумела, што яе спрабавалі падмануць.

Праз некалькі месяцаў мне тэлефанавалі з такой жа схемай. Ашуканцы называюць сябе і адразу кажуць тваё поўнае імя, а яшчэ часта поўнае імя нейкага чалавека, які быццам бы абакраў вас. Мне з такімі пытаннямі тэлефанавалі мінімум разоў пяць.

Калі сутыкаешся з такім даволі часта, то ўжо асабліва не рэагуеш, проста злуешся, што цябе адцягваюць ад спраў. З-за падобных «разводаў» я перастала падымаць незнаёмыя нумары, калі ведаю, што не чакаю званка.

Мы неяк абмяркоўвалі такія аферы з сябрамі, і адзін мой прыяцель распавёў, што часам ад нуды пачынае балбатаць з ашуканцамі. Неяк ён назваўся кадэбэшнікам — трубку кінулі на пятай хвіліне. Калі прыкідваўся вар'ятам і нёс нейкую лухту, жулікі пратрымаліся і таго менш».

Чытайце таксама:

«Cедзячы ў парыжскіх кавярнях, я часта ўспамінаю мінскіх барыста». Мінчукі — пра тое, чым беларускае грамадскае харчаванне не падобнае на еўрапейскае

Пяць беларускіх сядзіб, якія тэрмінова трэба ўбачыць: месца, дзе праводзілі эксперыменты, і копія каралеўскага палаца ў Варшаве

Клас
4
Панылы сорам
3
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
9