Заняткі ў анлайн-школе. Фота: сацыяльныя сеткі Першай беларускай анлайн-школы ва Украіне

Заняткі ў анлайн-школе. Фота: сацыяльныя сеткі Першай беларускай анлайн-школы ва Украіне

«Настаўнікі ведаюць мінусы беларускай сістэмы адукацыі і ўлічваюць іх»

Навучальны год у Першай беларускай анлайн-школе ва Украіне пачнецца 11 верасня. У ёй чакаюць вучняў ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў. Гэта школьнікі 4-10 класаў. Падрабязнасці прыёму тут.

«Мы працуем для беларускіх дзяцей з усяго свету», — падкрэслівае Настасся Шпакоўская, арганізатарка школы, акторка і лідарка гурта «Naka».

Беларуская анлайн-школа — поўнафарматная навучальная ўстанова, праграма якой складзеная з прадметаў беларускай школьнай адукацыі. У ёй беларускія настаўнікі вучаць дзяцей беларускай мове, літаратуры, гісторыі, а таксама англійскай мове і асновам ІТ. Акрамя таго, у школе выкладаецца гісторыя мастацтва, а акцёр Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) праводзіць заняткі дабрыні. Рускай мове і літаратуры вучаць па жаданні. 

Анлайн-школа працуе з кіеўскай прыватнай школай «Мідгард». Яе настаўнікі даюць дзецям увесь вектар украінскіх прадметаў, па якіх вучні атрымліваюць атэстат дзяржаўнага ўзору Украіны, які прызнаецца ў свеце.

«У школе нашы дзеці вывучаюць беларускую, украінскую, англійскую і, на жаданне, рускую мовы», — заўважае Настасся Шпакоўская.

Прадметы, якія вывучаюць у анлайн-школе. Скрын з сайта Першай беларускай анлайн-школы ва Украіне

Прадметы, якія вывучаюць у анлайн-школе. Скрын з сайта Першай беларускай анлайн-школы ва Украіне

Гісторыя беларускай анлайн-школы сягае ў 2020 год. Тады Настасся Шпакоўская з дзецьмі вымушана была эміграваць у Кіеў, дзе беларускіх навучальных устаноў не было. Артыстка вырашыла сама стварыць яе, выкарыстоўваючы магчымасці ўкраінскай сістэмы адукацыі. У кастрычніку 2020-га навучальны год у беларускай школе пачаўся, але з-за кавідных абмежаванняў — у анлайн-фармаце. Анлайн-фармат застаецца актуальным дагэтуль. Першыя два месяцы пасля поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў навучанні быў перапынак, а пасля заняткі аднавіліся.

Урокі праводзяцца з панядзелка да пятніцы ў першай палове дня. Класы да 12 чалавек. Такая форма навучання дазваляе настаўніку ахапіць увагай усіх вучняў і тым самым павялічыць якасць атрыманых імі ведаў.

«Ведаючы настаўнікаў і як цікава яны даносяць веды дзецям, не захацець вучыць беларускай мовы не магчыма. У нас добрыя настаўнікі. Сваё навучанне яны базава засноўваюць на дзяржаўнай школьнай праграме, але пры гэтым разумеючы ўсе яе мінусы, распрацоўваюць больш разнастайныя і цікавейшыя свае курсы. Анлайн-фармат дазваляе выкарыстоўваць шмат дадатковых матэрыялаў, таму вучні атрымліваюць сучасную адукацыю», — даводзіць Настасся Шпакоўская.

«У школе працуе 11 настаўнікаў, якія зазналі пераслед уладаў»

Сёлета выпускнікамі школы сталі блізу двух дзясяткаў вучняў. Працягваюць навучанне больш чым 50 вучняў з 15 краінаў.

Настасся Шпакоўская перакананая, што вучнёўскі калектыў сёлета папоўніцца яшчэ 20 новымі вучнямі.

Па яе словах, летась, у сярэдзіне навучальнага года, пасля таго, як у Беларусі адбылася зачыстка прыватных школ, быў вялікі наплыў вучняў. Бацькі не хацелі вучыць сваіх дзяцей у дзяржаўных установах Беларусі.

«Цяпер шмат беларускіх сем'яў аказалася ў такіх умовах, што наша школа ці не адзіная, дзе можна працягваць навучанне і атрымліваць веды па беларускай мове, гісторыі і наагул захоўваць беларускасць», — кажа яна.

Настаўнікі школы праводзяць дадатковыя суботнія заняткі, дзе беларускія дзеці вывучаюць толькі прадметы з беларускай праграмы навучання.

У школе працуе 11 настаўнікаў, якія зазналі пераслед уладаў. Для большасці праца ў ёй адзіная крыніца даходаў.

«Бясплатная школа — мара»

Настасся кажа, што да вайны ўкраінскія настаўнікі, якія жывуць у Кіеве, прызвычаіліся. Раней, калі пачыналіся бамбёжкі, заняткі пераносілі, а цяпер навучыліся весці іх з бамбасховішчаў.

«Наогул такі стрэс стаў звыклым у нашым жыцці і школа працуе. Летась, калі ішла вайна, мы скончылі год паспяхова, дзеці атрымалі атэстацыю і сёлета без праблемаў скончылі вучобу, нягледзячы на беды ваеннага часу», — адзначае суразмоўніца.

Настасся Шпакоўская. Фота: «Наша Ніва»

Настасся Шпакоўская. Фота: «Наша Ніва»

Шпакоўская хоча, каб анлайн-школа была бясплатнай. Пакуль жа гэта яе мара.

Паводле Настассі, звароты ў фонды і арганізацыі, якія заяўляюць аб дапамозе асяродкам беларускай адукацыі за мяжою, не даюць плёну.

«Мы вымушаны браць невялікія грошы з бацькоў, каб аплачваць паслугі ўкраінскай школы «Мідгард», якая выдае нам атэстацыю па асноўным вектары ўкраінскіх прадметаў, і, зразумела, аплачваць паслугі нашых настаўнікаў».

Глядзіце таксама:

Актрыса і спявачка Настасся Шпакоўская: У свой час я не стала лізаць нікому дупу

«Мы пацярпелі ад пераездаў не менш, чым дарослыя». Беларускія падлеткі, якія эмігравалі з бацькамі, робяць падкаст пра такіх, як самі

«Навучаць дзяцей на роднай мове». У Вільні збіраюць подпісы за адкрыццё яшчэ адной беларускамоўнай школы

«У дзень магу зарабіць 200 еўра». БЧБ-нявеста расказала, кім працуе ў Швейцарыі і як яе сына булілі ў школе

Мінчанка аплаціла адны заняткі ў IT-школе. А праз год у шоку: яна вінаватая цану цэлага курса

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?