Выява: vecteezy

Выява: vecteezy

Сусветная метэаралагічная арганізацыя ААН і Еўрапейская кліматычная служба Copernicus абвясцілі, што завоблачныя тэмпературы і жорсткія хвалі спякоты, што ахапілі планету за апошнія тры месяцы, зрабілі мінулае лета самым гарачым у Паўночным паўшар'і з усіх зафіксаваных.

Гэтая навіна з'явілася пасля таго, як метэаролагі зафіксавалі самы гарачы дзень у ліпені. Не адставаў і наступны месяц, які стаў самым гарачым жніўнем за ўсю гісторыю запісаў (і другім самым гарачым месяцам пасля ліпеня 2023 года). Так жнівень аказаўся прыкладна на 1,5 °C цяплейшым, чым у даіндустрыяльныя гады.

Існуе сувязь паміж сёлетнімі рэкорднымі тэмпературамі ва ўсім свеце і тым, што гэты год быў годам фармавання Эль-Ніньё — з’явай, што характарызуецца ваганнем тэмпературы паверхневага пласта вады ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна, якая аказвае прыкметны ўплыў на клімат. У аб'яве даследчыкаў адзначаецца, што 2016 год, які таксама быў годам Эль-Ніньё, гэтак жа ставіў новыя тэмпературныя рэкорды. З часоў індустрыялізацыі глабальная тэмпература няўхільна расла з-за дзейнасці чалавека і асабліва з-за празмернага спальвання выкапнёвага паліва.

Працяглая спёка таксама азначала трывожна высокія тэмпературы акіяна і рэкордна нізкі ўзровень марскога лёду ў Антарктыдзе з месячным значэннем на 12% ніжэйшым за сярэдні, што, безумоўна, самая вялікая адмоўная анамалія ў жніўні з часоў спадарожнікавых назіранняў, паведамляе СААЗ.

Расколіна ў ледніку, які растае / Фота: vecteezy

Расколіна ў ледніку, які растае / Фота: vecteezy

Высокія тэмпературы нясуць з сабою і іншыя экалагічныя праблемы. Так, напрыклад, Канада змагалася з ляснымі пажарамі і дымам. Полымя распаліла і распаўсюдзіла незвычайна цёплая вясна, за якой услед рушыла гарачае лета. Дагэтуль, на пачатак верасня, у краіне працягвалася больш за 1000 актыўных пажараў.

Рэкордная спякота азначае таксама і рэкорднае спажыванне электраэнергіі, у тым ліку за кошт працы кандыцыянераў. Так, напрыклад, у амерыканскім Тэхасе тэмпературы больш за 42°C гэтым летам нагрузілі электрычную сетку штата настолькі, што дзяржаўны аператар электрасеткі нават прасіў жыхароў добраахвотна знізіць спажыванне энергіі, распавядае Gizmodo.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш папярэдзіў, што час на ўкараненне кліматычных рашэнняў праходзіць — і спыніць далейшае пацяпленне, магчыма, ужо не ўдасца. «Кліматычны зрыў пачаўся, — сказаў ён у сваім паведамленні ў пачатку верасня. — Мы ўсё яшчэ можам пазбегнуць найгоршага кліматычнага хаосу, і нам нельга губляць ні секунды».

Чытайце таксама:

Доля выкапнёвага паліва ў энергетыцы зменшылася ў Еўрасаюзе да гістарычнага мінімуму

Расія ўхіляецца ад санкцый усё хітрэйшымі спосабамі

Ліпень стане самым гарачым месяцам у гісторыі назіранняў

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
1