Французская група Danone пакуль адмовілася ад ідэі будаўніцтва ў Беларусі завода па перапрацоўцы малака. Пра гэта заявіў галоўны кіраўнік падраздзялення «Малочныя прадукты» Danone ва Усходняй Еўропе і Сярэдняй Азіі Філіп Кегельс.

Упершыню ідэя будаўніцтва французскай кампаніяй завода ў Беларусі актыўна абмяркоўвалася на Беларускім інвестыцыйна-эканамічным форуме, які прайшоў у лістападзе мінулага году. Гаворка ішла аб стварэнні беларуска-французскага прадпрыемства па глыбокай перапрацоўцы малака ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Кошт праекту ацэньваўся ў 20 млн еўра. Паводле папярэдніх падлікаў, увод у эксплуатацыю новага прадпрыемства дазволіў бы адкрыць 140 працоўных месцаў. «У Беларусі ёсць якасная сыравіна, дысцыплінаваныя супрацоўнікі. Калі рашэнне будзе прынятае, праект будзе рэалізаваны за 18 месяцаў», — сказаў тады Ф. Кегельс.

Аднак на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме Філіп Кегельс заявіў, што «кампанія цяпер пераглядае свае планы».
Гэта звязана з тым, што нядаўна Danone і расійская кампанія «Юнімілк» абвясцілі аб зліцці малочнага бізнэсу ў Расіі і СНД. «У „Юнімілка“ ў Беларусі ёсць дзве вытворчыя пляцоўкі, і мы будзем думаць, як іх эфектыўна выкарыстоўваць. Больш лагічна абапірацца на існыя магутнасці, чым будаваць нешта новае», — заявіў Ф. Кегельс. Разам з тым, ён пацвердзіў намеры па пашырэнні вядзення бізнэсу ў Беларусі. У Беларусі кампанія Danone прадстаўленая такімі брэндамі, як Actimel, Activia, «Расцішка», Danissimo, і «Данон», якія вырабляюцца на двух заводах у Расіі — у Чэхаве і Тальяці.

У мінулую пятніцу прэзідэнт Лукашэнка наведаў адну з дзвюх вытворчых пляцовак «Юнімілка» ў Шклове (яшчэ адно СП функцыянуе ў Пружанах). Па словах кіраўніка дзяржавы, замежныя інвестары павінныя забяспечваць максімальную глыбіню перапрацоўкі беларускага малака. Ён адзначыў, што кампанія «Юнімілк Шклоў» з’яўляецца свайго роду эксперыментальным праектам. «Масава мы не пойдзем па шляху прыцягнення замежных інвестараў у перапрацоўку па зразумелых прычынах: у нас і сваіх прадпрыемстваў хапае», — заявіў Лукашэнка.

Па наяўнай інфармацыі, аб’яднаная кампанія «Danone Юнімілк» у Беларусі плануе арыентавацца на выпуск высокамаржынальных прадуктаў (ёгуртаў, тварожных дэсертаў і г.д.). Асноўная доля прадукцыі пойдзе на экспарт у Расію. Так, у адпаведнасці з канцэпцыяй развіцця Шклоўскага завода, экспартная магутнасць прадпрыемства да кастрычніка 2011 павінная вырасці ў 3 разы да 450–500 т за суткі, або 160–170 тыс. т за год з экспартнай выручкай 70–80 млн даляраў. «Юнімілк» таксама актыўна супрацоўнічае з беларускімі вытворцамі і закупляе значныя аб’ёмы сухога малака, масла, згушчанага малака. Акрамя таго, кампанія сумесна з Рагачоўскім і Глыбоцкім малочна-кансервавымі камбінатамі вырабляе згушчанае малако для рынкаў Расіі, Украіны і Казахстана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?